:: calculation
2014
Загаловак text
“Берагіні” быць! Адкуль жа сумненні?
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
22.03.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

“Берагіні” быць! Адкуль жа сумненні?

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Аргументы на карысць знакамітага беларускага фэстуІ зноў пра “Берагіню”. Калі быць шчырай, для мяне застаецца незразумелай сутнасць канфлікту вакол факта яе існавання.

Культурную палітыку ажыццяўляе дзяржава. У працэсе культуратворчасці ўдзельнічаюць усе грамадзяне краіны, гэта — наша канстытуцыйнае права. Органы ж кіравання абавязаны ажыццяўляць падтрымку культурных ініцыятыў знізу.

Традыцыйная культура — крыніца і падмурак усіх іншых відаў і форм культуры. Яна — адзіны жыццядайны механізм, які мае пэўныя законы самаразвіцця. Прыярытэт нацыянальнай культуры існуе ў кожным самастойным грамадстве. А мэтамі, скажам, Міжнароднага Савета арганізацый фальклорных фестываляў і традыцыйнага мастацтва (CIOFF) з’яўляюцца падтрымка і захаванне культурнай спадчыны: фальклорнай творчасці, міжнароднага культурнага абмену. Пад патранатам CIOFF праводзіцца каля 250 фестываляў у 70 краінах свету. Толькі ў Іспаніі па ініцыятыве CIOFF адбываецца каля 30 танцавальных фестываляў!

Нашы суседзі з краін СНД і Балтыі бяруць актыўны ўдзел у дзейнасці гэтых міжнародных арганізацый. Украіна стала членам CIOFF у 1996 годзе. З гэтага часу ў Луцку праводзіцца Міжнародны фестываль “Палескае лета з фальклорам”, які ўваходзіць у пяцёрку форумаў, што праходзяць ва Украіне пад эгідай CIOFF. З 2004 года ў Кіеве ладзіцца фестываль “Фальклорны дзівасвет”. Яго мэта — ахова і папулярызацыя традыцыйнай культуры ў такіх формах, як танец, музыка, спевы, народныя рамёствы, гульні і забавы...

Міжнародны фестываль народнага мастацтва і рамёстваў “Садко” штогод арганізуецца ў расійскім Вялікім Ноўгарадзе. Ён вырас з рэгіянальнага фэсту, які традыцыйна праходзіў на ноўгарадскай зямлі цягам 25 гадоў. Заслужаны аўтарытэт фестывалю і велізарны вопыт правядзення дазволіў яму атрымаць у 2002-м статус міжнароднага. З 2004 года ён праводзіцца пад патранатам Камісіі Расійскай Федэрацыі па справах UNESCO і Расійскага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Фестываль знаходзіцца ў полі зроку такіх міжнародных арганізацый, як CIOFF і IOV пры UNESCO, з мэтай вывучэння арганізацыйна-творчага досведу, пашырэння складу замежных удзельнікаў. Фестываль “Садко” аб’ядноўвае фальклорныя групы, ансамблі музыкі і танца, майстроў-умельцаў з розных краін: Вялікабрытаніі, Балгарыі, Італіі, Іспаніі, Мексікі, Турцыі, Фінляндыі, краін СНД і Балтыі.

З 1987-га ў адной з трох балтыйскіх краін — Літве, Латвіі, Эстоніі пачаргова — пры падтрымцы CIOFF ладзіцца Міжнародны фальклорны фестываль “Балтыка”. Ён прэзентуе фальклор, этнаграфію, абрады і звычаі, песні, танцы, інструментальную музыку, а таксама вырабы саматужнай вытворчасці, нацыянальную кухню — усё тое, што з’яўляецца адметнасцю ды ўнікальнасцю кожнай нацыі і дэманструе іх культурную разнастайнасць.

...На вялікі жаль, наша краіна не можа пахваліцца паўнавартасным членствам у CIOFF і, адпаведна, не можа ўзяць на сябе ініцыятыву ды адказнасць за правядзенне імпрэз адпаведнага міжнародным стандартам кшталту. Беларусі, безумоўна, патрэбна падобная акцыя міжнароднага маштабу, якая абагуліла б наяўныя сістэмныя арганізацыйна-творчыя намаганні па падтрымцы, захаванні і арганізацыі пераемнасці традыцыйнай народнай культуры, сцвердзіла імідж нашай Айчыны на міжнароднай арэне як краіны, што мае значны культурны патэнцыял, дынамічна развіваецца, клапоціцца пра сваю культурную ўнікальнасць і пашырае культурную інтэграцыю ў розных напрамках.

Але... Няхай сабе міжнародныя імпрэзы такога кшталту для нас цяпер не прыярытэт. Тады варта падтрымліваць культурнае развіццё на рэгіянальным узроўні. У суседняй Польшчы свой асобны фальклорны фестываль мае ледзь не кожны населены пункт. І гэта не жарт! Мне асабіста давялося браць удзел у Міжнародным фальклорным фестывалі, які ладзіўся ў Пархове Гданьскага ваяводства з насельніцтвам у дзве тысячы чалавек. Па-суседстве, за 25 кіламетраў адтуль, у Бытове, меў адбыцца яшчэ адзін. У маленькай Літве праводзіцца больш за сто фестываляў. Няхай і ў нас будзе шмат падобных лакальных святаў — “добрых і розных”! Яны аказваюць велізарны ўплыў на рэгіянальнае развіццё, стымулююць дзейнасць творчых асоб ды калектываў, актывізуюць і выхоўваюць усё насельніцтва наваколля.

Вось навуковае абгрунтаванне гэтага пастулата: святочная культура гарамадства акумулюе ў сабе мастацкі вопыт пакаленняў, забяспечвае трансмісію (перамяшчэнне) у прасторы і часе жыццяздольных культурных стандартаў ды стэрэатыпаў. Яна з’яўляецца механізмам сацыялізацыі і інкультурацыі новых членаў сацыяльнай супольнасці.

Любоў СІВУРАВА, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, даследчык фестывальнага руху на Беларусі, аўтар вучэбнага курса “Фестывальны менеджмент”

 

Публікацыя ў “К” артыкула этнахарэографа і заснавальніка фестывалю “Берагіня” Міколы Козенкі выклікала немалы рэзананс сярод нашых чытачоў, якія занепакоены далейшым лёсам гэтага ўнікальнага этнапраекта. Сёння мы публікуем іхнія лісты.

З тэкстам Міколы Козенкі можна пазнаёміцца тут.

некаторыя іншыя водгукі на публікацыю размешчаны тут.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 10.05.2018 12:46:33