:: calculation
2014
Загаловак text
Ці быць "Берагіні"? І якой...
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
08.02.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Ці быць "Берагіні"? І якой...

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Мікола Козенка, этнахарэограф, аўтар ідэі, навуковы і мастацкі кіраўнік рэспубліканскіх праектаў Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”Больш за трыццаць гадоў таму, калі я ў сваіх праектах імкнуўся ўкараняць у практыку ідэі аднаўлення і пераймання традыцыйных мастацкіх праяў (спачатку — найперш харэаграфіі) мясцовай культуры, быў упэўнены, што гэтая праца дасць плён. Так яно і атрымалася! Па-першае, нарадзіўся і сцвердзіў сябе на Беларусі фальклорны фестывальны рух “Берагіня”. Па-другое, што паказальна, актыўна прабіваецца ініцыятыва ўваходжання ў беларускасць менавіта “знізу”. І гэта радуе.

Напрыклад, у рамках рэспубліканскай “Берагіні” (2012 — 2014 гг.) на Брэстчыне ў традыцыйным рэгіянальным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод” (арганізатар — упраўленне адукацыі аблвыканкама) удзельнічалі 19 тысяч школьнікаў; у Гомельскай вобласці абласным цэнтрам культуры рэгулярна праводзіцца конкурс выканаўцаў беларускага народнага танца, у якім з кожным разам павялічваецца колькасць танцавальных пар, нават носьбітаў танцавальнай культуры. У рамках “Берагіні” на Міншчыне нядаўна быў праведзены першы конкурс беларускага танца “Мінская кадрыля”. Летась у снежні ў сталіцы ўпершыню за ўсю гісторыю берагінскага фестывальнага руху адбыўся супольна падрыхтаваны грамадскімі арганізацыямі Конкурс беларускага народнага танца сярод моладзі і выканаўцаў старэйшага ўзросту “Мяцеліца”.

На ўвесь голас заяўляюць пра сябе самаарганізаваныя маладзёжныя фальклорныя суполкі (“Талака” — у Гомелі; “Гуда”, “Сіта”, “На таку”, “Яварына” — у Мінску, і г. д.). На радзіме этнографа Паўла Шпілеўскага (Любанскі раён) штогод ладзіцца фальклорны летнік з удзелам аматараў танца з Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі.

Значная роля ў фестывальным руху належыць кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, супрацоўнікі якой, акрамя мноства іншых навукова-метадычна-практычных мерапрыемстваў, штогод праводзяць у рамках міжнароднай канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы бытавання, вывучэння, пераймання” канцэрты аўтэнтычнага мастацтва “Фальклор беларускай глыбінкі”, майстар-класы, танцавальныя вечары…

Але… Сённяшнія факты даюць мне падставу з трывогай казаць аб магчымым хуткім калі не сконе “Берагіні”, дык яе відазмяненні. У лепшым выпадку, яна можа праводзіцца ў фармаце абласнога ці раённага свята. Чаму? Прычын багата. Сярод асноўных — адсутнасць зацікаўленасці да гэтага фестывалю з боку сузаснавальнікаў. На жаль, пэўныя падраздзяленні таго ж Міністэрства культуры рэгулярна спазняюцца з падрыхтоўкай матэрыялаў да загада аб правядзенні фестывалю.

“Берагіня” — фестываль самабытнай канцэпцыі, супрацьлеглай фестывалям самадзейных кірункаў, і патрабуе іншага арганізацыйнага ды мастацкага праяўлення. Ён грунтуецца на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання і папулярызацыі народнага мастацтва малой радзімы. Ён — адзіны ў краіне сістэмны фестываль, які скіраваны на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі мастацкіх традыцый ва ўсіх іх мясцовых каранёвых праявах. “Берагіня” патрабуе працяглай мэтанакіраванай падрыхтоўкі адначасова па розных напрамках творчай дзейнасці: у заключным туры кожны калектыў удзельнічае ў чатырох праграмах (танец, музыка, спевы, ДПМ) і амаль у 20 намінацыях, акрамя гэтага, яны павінны быць апрануты ў этнічныя касцюмы, якія, як вядома, вар’іруюцца ў кожнай мясцовасці.

На маё перакананне, “Берагіня” не можа далей існаваць як рэспубліканскі фестываль у прынятай сёння канцэпцыі яшчэ і таму, што ўжо доўгі час ніхто ёй не займаецца, хаця ёсць рэспубліканская ўстанова “Інстытут культуры Беларусі”, якой прызначана па профілі займацца народнай культурай і традыцыйным мастацтвам карэннага этнасу. Няма пакуль у краіне і саюза фалькларыстаў, які ўзяў бы частку функцый на сябе.

Упэўнены, нам патрэбна дзяржаўная праграма “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”, праект якой па рашэнні калегіі Міністэрства культуры за № 06 ад 27.06.2012 г. павінен быў быць падрыхтаваны яшчэ да студзеня 2013 г. Спадзяюся, што ў гэтым дакуменце знайшлося б месца і “Берагіні”, і практычным дзеянням па вяртанні ў сістэму адукацыі этнашкол.

“Берагіня” павінна існаваць, калі ўлічыць, што гэты фестываль значыцца ў Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Фота Кастуся ДРОБАВА

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.01.2018 01:30:17