:: calculation
2014
Загаловак text
Месца, дзе жывуць песні
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
01.08.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

Месца, дзе жывуць песні

Карэспандэнт «Звязды» разам з тэлевізіёншчыкамі здзейсніла вандроўку наперад у мінулае 

Ужо не першы год творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі вандруе па роднай зямлі ў пошуку таленавітых калектываў. Адметнасць тэлепраекту «Наперад у мінулае» перш за ўсё ў тым, што яго стваральнікі Анатоль і Аксана Вечар збіраюць песні па ўсёй Беларусі не толькі каб захаваць іх, але і даць ім новае жыццё: для аднаго з твораў робіцца сучасная аранжыроўка, і абноўленую кампазіцыю выконвае нехта з беларускіх артыстаў. Дарэчы, сёлета ў праграме нас чакаюць некаторыя кадравыя перамены. Юрыя Вашчука, які раней быў напарнікам Аксаны Вечар у праекце, цяпер заменяць іншыя аранжыроўшчыкі. А ў рэчышчы сумеснага праекта «Звязды» і тэлеканала «Беларусь 3» эфірныя выпускі атрымаюць працяг на старонках газеты. Каб папоўніць скарбонку песеннай творчасці, рушым у госці ў беларускую глыбінку.

Першая геаграфічнага кропка, дзе мы спыняемся, — вёска Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Тут знаёмімся (а пазней знаёмім чытачоў і гледачоў) з народным ансамблем сям’і Бойка. Пакуль артысты настройваюцца на выступленне пад прыцэлам камер, спрабую завесці размову з удзельніцай гэтага калектыву.

Жанчыне 75 гадоў, і завуць яе Яня, хоць у пашпарце запісана як Ніна. Пра сваё незвычайнае па сённяшніх мерках імя кажа: «Бацька так захацеў. Казаў, недзе пры Польшчы была дзяўчына ў яго знаёмая прыгожая, дык вось так і назвалі».

—Ці даўно спяваеце? — пытаюся ў яе.

—З калектывам ездзілі выступаць больш за дзесяць гадоў, а так асабліва і не збіраемся ўжо, бо няма дзе, — дзеліцца мая суразмоўца.

Цікаўлюся ў Ніны Ільінічны, ці праяўляе мясцовая моладзь інтарэс да спеваў. Адказ, на жаль, не аптымістычны:

—Усе параз’язджаліся, нікога няма. Скончыўшы школу, едуць вучыцца, а там, дзе робяць, то і застаюцца. Адно што ходзяць у школу. Але ніхто імі не займаецца, каб спявалі ці яшчэ нешта, — з прыкрасцю кажа бабуля Яня, а потым дадае: — Я вось сваёй унучцы расказваю, што ведаю сама. Яна прыедзе ў госці і просіць, расказвай, маўляў, мне нешта пра тое, як было раней, але толькі праўду.

У самой жанчыны трое дзяцей: дзве дачкі і сын. Яна мае чатырох унукаў. Радасна і ў той жа час сумна, бо думаецца, што ў старасці нашым верным спадарожнікам становіцца адзінота, а дзеці — гасцямі пераступаюць родны парог… Аднак роздумы перарывае голас рэжысёра праекта Анатоля Вечара, які звяртаецца да ўдзельнікаў калектыву.

—Спяваем першую песню, каб мы маглі вас паслухаць, а потым пагаворым пра вас, — раздае настаўленні артыстам Анатоль Уладзіміравіч. — Пішам у тым парадку, як гэта будзе ў нас потым у праграме. І яшчэ вялікая просьба, калі вы расказваеце пра нешта, то хацелася б, каб усе выказваліся, але не разам, а паасобку. У нас вельмі якасныя мікрафоны, таму цішыня павінна быць ідэальнай.

Як вядома, рэжысёр на здымках чалавек галоўны, таму суразмоўца пакідае мяне, артысты рыхтуюцца да запеву, а я настройваюся на музычнае падарожжа.

«… Ой у лузе лаза,

Пад лазою вада.

Там дзяўчына воду брала

Чорнабрыва молода…»

Шматгалоссе мужчынскага хору пераплятаецца з галасамі жанчын, і такое адчуванне, быццам пераносішся ў іншы час, дзе жылі і кахалі, мірыліся з лёсам альбо спадзяваліся на лепшае заўтра… Слухаеш песню за песняй і думаеш: мабыць, не хлусяць тыя, хто кажа, быццам свет трымаецца на каханні… А яшчэ на турботах і марах пра шчасце… Так, напрыклад, у адной з песень расказваецца гісторыя дзяўчыны, якую маці аддала замуж за заможнага пана. І здавалася б, у таго і золата, і дабро, а маладая дзяўчына тужыць па хлопцу, у якога толькі сэрца і душа:

«… Выйдзі, мамо, подзівіся,

Ты на зоры паглядзі,

Ці не плача твая доня

Ў чужой дальняй старане.

Не таго я, мама, плачу,

Бо чужая старана.

Ад таго я, мама, плачу,

Прайшла моладасць мая».

—Калектыў пачаў сваё існаванне ў 1957 годзе, калі мой бацька Бойка Мікалай Аляксеевіч вярнуўся з арміі. Спявалі яны дуэтам з маці. Потым падрасталі дзеці: я, сёстры Святлана і Ірына. Паступова і мы ўліваліся ў гэты калектыў. А яшчэ больш разросся наш ансамбль у 1986 годзе, калі я сам пасля арміі атрымаў музычную адукацыю, — расказвае Валерый Бойка. — І тады да нас далучыліся пляменнікі Валодзя і Сцяпан, цётка Ксенія, Алеся, Яня і многія іншыя. Так вось ужо на працягу столькіх гадоў мы спяваем разам.

Не абышлося без гастроляў і ўзнагарод. Ансамбль быў адзначаны дыпломам аб прысваенні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Народная творчасць», з’яўляецца лаўрэатам ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня»… Не раз выступалі гаўрыльчыцкія артысты ў Палацы Рэспублікі і на «Дажынках» у Слуцку. У іх існуе традыцыя: калі едуць на выступленне, то абавязкова спяваюць у аўтобусе, а вяртаючыся з гастроляў, святкуюць сваю паездку. Песні выконваюць пераважна тыя, што дасталіся ад бабуль і дзядоў. Бывала, збіраліся на вечарыны і спявалі вясёлыя і даўнія песні, якія яшчэ іх бабулі ведалі. Недзе каля дзесяці самі зрабілі. Раней з калектывам спявала больш людзей. Як расказваюць удзельнікі, на рэпетыцыі збіралася па 40–50 чалавек, і песні для рэпертуару было лягчэй падбіраць.

—Існаваў у нас мужчынскі вакальны гурт, дзе былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. І песні яны прынеслі, можна сказаць, з фронту. У гэтую скарбніцу зрабілі ўклад і нашы родныя цёткі — ад бабулек сваіх, якія гэтыя песні запомнілі. Жылі па хутарах тады і спявалі на вечарынах, — дзеліцца Валерый Бойка.

…Каб перапыніць сумаваты настрой, ансамбль выконвае вясельную песню «Покуць, ты мая, покуць». (Покуць — чырвоны кут у хаце, дзе віселі абразы. — Аўт.).

«Покуць, ты мая покуць,

Хто ж цябе шанаваць будзе,

Я ж цябе да шанавала

Штосуботу да прыбірала».

Варта адзначыць, што месца вясельным песням і сёння ёсць у жыцці гэтай вёскі. Няхай і не ва ўсіх сем’ях, але пачуць іх можна. Таксама не зніклі яшчэ і некаторыя абрады, якія існуюць у гэтай мясцовасці здаўна.

Так, жыве традыцыя, што раніцай на Вялікдзень на самым досвітку трэба ісці на могілкі і занесці сваім памерлым «валачэнне». Гэта можа быць кавалачак булкі, яйка велікоднага. «Можна нейкага чалавека не бачыць пяць гадоў, а потым пайсці на могілкі на Вялікдзень і пабачыць усіх, хто з’ехаў, — расказваюць месцічы. — Гэтаксама робяць і на Спас, толькі нясуць яблыкі альбо грушкі ў пачастунак продкам».

—Ёсць абрад, які вясной спраўляўся, падчас Дабравешчання, 7 сакавіка, калі наступае ўжо сапраўдная каляндарная вясна. Тады «Закалыхванне» праводзілі. Цяпер тое крыху забылася. А раней, яшчэ гадоў трыццаць альбо дваццаць таму ў гэты дзень збіралася моладзь, дзеці і на нейкім вялікім дрэве вешалі калыску. І на ёй, як кажуць, трэба было закалыхацца, каб год прайшоў удала. Хлопцы бралі ручнік і высока-высока яго разгойдвалі. Такі вось мясцовы абрад цікавы, — распавядае Алена Грынько, настаўніца геаграфіі ў мясцовай школе, якая па сумяшчальніцтве яшчэ і курыруе школьны гісторыка-краязнаўчы музей.

Музей даволі малады — створаны ў 1998 годзе, экспазіцыя не вялікая, каля 300 экспанатаў, і ў асноўным сельскагаспадарчай тэматыкі. Размеркаваны яны па трох раздзелах: «Ільнаводства», «Рамёствы» (бортніцтва, бандарства), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны».

На жаль, як давялося пачуць не ад аднаго чалавека, вёска Гаўрыльчыцы сёння вымірае. І зацікаўленасць песеннай спадчынай не настолькі яскрава праяўляецца, як хацелася б: іншы час і іншыя людзі. Але, ведаеце, чалавек рана ці позна вяртаецца да сваіх вытокаў, бо нельга ўцячы ад сябе, змяніўшы месца пражывання ці аддаючы перавагу толькі таму, што модна. Быць сабой і ведаць гісторыю роднай зямлі — гэта не проста модна ва ўсе часы, а па-сапраўднаму стыльна.

У вас ёсць жаданне ў чарговы раз пераканацца ў гэтым і пачуць непаўторныя спевы беларускай глыбінкі? Тады не прапусціце восеньскія выпускі праграмы «Наперад у мінулае» на тэлеканале «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО.

Фота аўтара

Аксана Вечар, аўтар і вядучая праграмы «Наперад у мінулае»:

—У новым сезоне з намі на пастаяннай аснове будзе супрацоўнічаць Кірыл Ермакоў, вядомы многім як удзельнік нацыянальнага фіналу дзіцячага «Еўрабачання», куды трапляў неаднаразова. У свой час ён нават напісаў песню, якая стала своеасаблівым гімнам конкурсу, а цяпер завочна вучыцца на аранжыроўшчыка ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава. Мае свой гурт і стаў фіналістам ад Беларусі на праекце «Голас». Таксама ў нас будуць, так бы мовіць, разавыя аранжыроўшчыкі, таму што ёсць музыканты, якія могуць самі апрацаваць для сябе песню.

Сяргей Макарэй, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала «Беларусь 3»:

—Артыстаў для ўдзелу ў праекце мы выбіраем «з колаў» у залежнасці ад песні. Па-першае, улічваючы песенны матэрыял, мы выбіраем аранжыроўшчыка, а па-другое, — выканаўцу. Артысты таксама маюць выбар, у якім стылі выканаць песню. Гэта ўсё-такі творчы працэс, які не дазваляе наперад казаць, хто дакладна будзе ўдзельнікам таго ці іншага эфіру. Безумоўна, амаль усе артысты за гэтыя два гады існавання праекта выступалі ў ім . Хаця, зразумела, знаходзяцца і маладыя, мы эксперыментуем, заахвочваем, ды яны і самі прыходзяць. Бо праект дае ім магчымасць папоўніць свой рэпертуар, а нам адкрываць новыя імёны. Гэта добры старт. Мы адкрыты для супрацоўніцтва. З аднаго боку, мы аднаўляем пласт нацыянальнай культуры, а з другога боку, папулярызуем беларускую эстраду. Таму ўпэўнены: у гэтым годзе мы пачуем новыя песні і ўбачым новыя твары на экране.

Наконт афармлення. Мы пра гэта думаем, але, як кажуць, лепшае — вораг добрага. Ёсць праект, яго можна трансфармаваць новай графікай ці яшчэ нечым. Але ці варта гэта рабіць увогуле? У нас бывае так: з’яўляецца праект, а праз нейкі час яго закрылі і забыліся. Гэта, я лічу, няправільна, таму што ёсць нейкія брэндавыя рэчы, якія нельга закрываць. У праграме «Наперад у мінулае» графіка стылізаваная, у ёй адлюстравана аб’яднанне мінулага і сучаснасці. Таму ці варта мяняць гэты вобраз? Хаця думаем, можна нешта асвяжыць. Але не кардынальна. Музыка на тэлебачанні — гэта магчымасць нават без карцінкі пазнаць, якая праграма пачалася, таму гукавую застаўку мяняць не будзем. У нас сёння таксама ёсць мара — зрабіць усё, каб зрабіць праграму запатрабаванай у моладзі.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя сэрыі app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.03.2018 03:52:49