:: calculation
2014
Загаловак text
Жніўны плён
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
15.08.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Анатацыя text

Таццяна Кухаронак нарадзілася на сёмы дзень апошняга летняга месяца — у самы разгар жніва, часу руплівага, багатага, святочнага. Такім стала і жыццё. Плён яго — у кнігах, артыкулах, фільмах, перадачах… Таццяна Іванаўна — кандыдат гістарычных навук, працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Поўны тэкст text

Жніўны плён

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Таццяна Кухаронак нарадзілася на сёмы дзень апошняга летняга месяца — у самы разгар жніва, часу руплівага, багатага, святочнага. Такім стала і жыццё. Плён яго — у кнігах, артыкулах, фільмах, перадачах… Таццяна Іванаўна — кандыдат гістарычных навук, працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

 

Таццяна Кухаронак пад час лельчыцкай экспедыцыі.

Першая манаграфія “Радзінныя звычаі і абрады беларусаў” (1993) стала адной з самых цытаваных беларускіх кніг у славянскім народазнаўстве. Тут сабраны палявыя этнаграфічныя запісы пра радзінную абраднасць з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Пазней гэтая тэма атрымала годнае падагульненне ў акадэмічным томе з серыі “Беларуская народная творчасць” “Радзіны. Абрад. Песні” (1998). Увогуле, да тэмы “Традыцыйная культура і дзеці” даследчыца ніколі не была абыякавай, у тым ліку пры выкладанні народнай педагогікі будучым настаўнікам, у артыкулах і выступленнях.

Навуковы даробак Таццяны Кухаронак прыцягвае жывым арыгінальным матэрыялам і пазнавальным, даступным стылем выкладання. У поле ўвагі траплялі рэгіянальныя асаблівасці вясельнай абраднасці, гаворка пра якія — у калектыўнай працы “Беларусы. Т. 5. Сям’я”, грамадскія традыцыі (“Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі”), дзе даследаваны эвалюцыя сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе лакальныя і арэальныя ўласцівасці. З’явай стала манаграфія “Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў” (2001), дзе скрупулёзна дэманструецца ўся палітра каляндарнага пераапранання. Перад чытачом паўстаюць і калядная Каза, і Жораў, і Мядзведзь, і Цыган з Доктарам, і Смерць з Дзедам ды Бабай, і яшчэ шэраг іншых масак-персанажаў, семантыка якіх падаецца ў кантэксце ўсяго каляндарна-абрадавага кантэксту.

Таццяна Кухаронак разам з іншымі аўтарамі дзесяцітомнага выдання “Беларусы” — супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі — уганаравана прэміяй “За духоўнае адраджэнне”.

Таццяна Іванаўна на сёння — самы абазнаны і паважаны даследчык нашай каляндарнай абраднасці. Падставай таму — раздзелы ў пяці важкіх тамах з серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” (2004 — 2013). Такая ўвага да календара адпавядае той ролі, якую гэтыя абрады ў сваіх аўтэнтычных формах працягваюць адыгрываць у культуры сучасных вяскоўцаў. Даследчыца падае каляндар як арганічны сплаў двух светапоглядаў — царкоўна-хрысціянскага і ўласна народнага, у вытоках — міфалагічнага. З увагай ставіцца яна і да праваслаўнай, і да каталіцкай традыцыі. Народны каляндар і цяпер выконвае ролю жыццёвай асновы вясковага соцыуму, своеасаблівага стрыжня, на якім трымаецца сялянскі ўклад жыцця з рэгламентаваным рытмам жыцця і працы, сплеценым з рытмамі прыроды. Напрацоўкі Таццяны Іванаўны паслядоўна ды метадалагічна дакладна канстатуюць не толькі дасканаласць і мастацкую каштоўнасць аўтэнтычнага фальклору Беларусі ў мінулым, але і яго някепскую захаванасць ды вялікі сацыяльна-культурны патэнцыял для сучаснасці.

Гэты патэнцыял, актуальнасць і, так бы мовіць, практычнасць аўтэнтычнага фалльклору Таццяна Кухаронак імкнецца ўвасабляць у жыццё, рэальную дзейнасць культурных устаноў і вясковы побыт. У сярэдзіне 90-х яна збірала фальклорны матэрыял на Капыльшчыне, у тым ліку і пра цароў-калядоўшчыкаў. З ініцыятывы даследчыцы мясцовыя жыхары загарэліся ідэяй аднавіць абрад, і ў 1996 годзе на стары Новы год адбыўся сапраўдны цуд. Да вяскоўцаў прыйшлі калядныя героі іх продкаў: Цары, Мамай, Міханож і Дзед з Бабай. У 1997-м Таццяна Кухаронак разам з журналісткай Рэгінай Гамзовіч знялі кінастужку “Калядныя цары”. Аўтэнтычнасць і непаўторнасць звычаю была адзначана ў кастрычніку 2009 года на IV сесіі Міжурадавага камітэта UNESCO. Абрад уключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Таццяна Іванаўна — сцэнарыст і навуковы кансультант этнаграфічных фільмаў “Хрэсьбіны” (1995), “Калядныя цары” (1997), “Эй, гуляю я” (1998), “Зажынкі, дажынкі” (2001), “Сёмуха” і “Мікола зімовы” (2003), “Шчодры вечар” (2004), дакументальнай стужкі “Тры каралі. Вадохрышча”.

Таццяна ВАЛОДЗІНА, загадчык аддзела фалькларыстыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.01.2018 02:18:17