:: calculation
2013
Загаловак text
Вілейская выстава ў галерэі Шчамялёва
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
20.09.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Вілейская выстава ў галерэі Шчамялёва


  • 20 верасня 2013, Катэгорыя - Навіны рэгіёну, Мерапрыемствы14 верасня у сталічнай мастацкай галерэі імя Л. Шчамялёва адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы "З Вілейкі з любоўю”. Выстава стала своеасаблівым падарункам вілейчукоў мінчукам у Дзень горада Мінска.

 

Экспануюцца прадметы народнага побыту з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея. Асноўная частка экспанатаў – гэта маляваныя дываны. Выстаўленыя таксама малюнкі на шкле і макаткі (малюнкі на невялікіх кавалках тканіны), даматканы абрус з набіўным малюнкам, ручнік, посцілкі, адзенне.
Дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар распавёў, што большасць рэчаў, якія экспануюцца на выставе, сабраныя супрацоўнікамі музея цягам апошніх двух гадоў.

 

Першым зацікавіўся маляванкамі мастацтвазнаўца, найбольш вядомы як даследчык беларускага народнага строю, Міхась Раманюк. Да 1980-х гадоў маляванкі лічыліся праявай кітчу ў народным мастацтве і амаль не збіраліся.
Даследчыкі лічаць, што папярэднікамі маляваных дываноў з’яўляюцца распісныя куфры, што сталі шырока выкарыстоўвацца ў сялянскім побыце з пачатку ХХ ст. Кампазіцыйная сістэма і мастацкія прыёмы, характэрныя для размалёўкі куфраў, часткова перайшлі на маляваныя дываны (маляванкі) і макаткі. Паўплывалі на дэкор і характар кампазіцыі маляваных дываноў таксама тканыя і вышываныя насценныя дываны.

 

Маляваныя дываны часта вешалі над ложкам. Макаткі вешалі для аздобы на сцены хаты, але макаткі з рэлігійным сюжэтам маглі вісець і на покуці.Для вырабу маляванак і макатак выкарыстоўвалі звычайна даматканую льняную тканіну, пафарбаваную ў чорны колер. Падчас малявання карысталіся выразаннымі з паперы трафарэтамі. Літары на дыванах – гэта ініцыялы аўтара зі замоўцы.
На выставе экспануецца і адна маляванка, выканая на чорным ваўняным сукне. Гэты дыван вылучаецца сярод іншых найлепшай захаванасцю фарбаў, яркасцю. Сукно каштавала значна даражэй за лён, гэты дыван быў вясельным падарункам заможнага селяніна сваёй дачцэ.

 

Старажылы з Вілейскага раёна ўзгадваюць, што дываны маляваліся на замову, але майстры маглі хадзіць па вёсках і з гатовымі вырабамі, спрабуючы іх прадаць.
Экспануюцца і малюнкі на шкле. Тут і букеты, і прыўкрасныя дамы, і абразы, і інсітная копія карціны Віктара Васняцова "Тры багатыры”. Для Беларусі, аднак, у адрозненні ад Польшчы, не характэрна вялікая колькасць намаляваных на шкле абразоў. Пераважаюць раслінныя і зааморфныя матывы, партрэты.
Малюнкі на шкле маглі выкарыстоўваць у якасці падарунка, замест паштоўкі: на адным з выстаўленых малюнкаў зроблены віншавальны надпіс.

 

 

Абрус з набіваным малюнкам, тканы ўзорам "у дымкі”, добра адлюстроўвае развіццё народнага мастацтва ў часе. Такія абрусы сустракаюцца па ўсёй Беларусі без малюнка. Можна ўявіць сабе, як гаспадыня вырашыла "па-моднаму” ўпрыгожыць сатканую раней ці атрыманую ў спадчыну рэч.
Даволі позняя з’ява, не прадстаўленая на выставе – гэта размаляваныя цыраты. Шмат бабуль з Вілейскага раёна згадваюць, што ў маладосці мелі такія цыраты, але яны не захаваліся праз частае выкарыстанне.
Маляванкі на Вілейшчыне перасталі замаўляць майстрам у 2-ой палове 60-х гадоў ХХ стагоддзя, калі іх месца заступілі танныя прамысловыя вырабы. Аднак маляваныя дываны ўпрыгожваюць інтэр’ер некаторых вясковых хат і да сённяшняга дня.

 

На выставе можна пабачыць некаторыя элементы Вілейскага строю: 2 жаночыя і 1 мужчынскі касцюм, верхняе адзенне. Варта зазначыць, што касцюм, які даследчыкі адносяць да Вілейскага строю, бытаваў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. не толькі на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна, але і на большай частцы тэрыторыі Валожынскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў. З канца ХІХ ст. у рэгіёне шырока бытавалі кашулі на гестцы, аздобленныя чырвона-чорным арнаментам па грудзях, плячах і каўняры. Адну такую кашулю можна пабачыць на выставе.
У Польшчы матывы маляванак шырока выкарыстоўваюцца для вырабу сувеніраў, выступаюць як брэнд краіны.
Выставу можна наведаць да 19 кастрычніка.

 

 

 

http://alena-rosica.livejournal.com/3525.html

 

Больш фота тут: http://vk.com/album3828319_1800222 62

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.05.2018 09:04:44