:: calculation
2013
Загаловак text
Коштам у пацалунак
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
27.07.2013
Катэгорыя category
навіны
Поўны тэкст text

Коштам у пацалунак

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

У вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна адбылося свята “Пятрок” (дзень памяці святых апосталаў Пятра і Паўла ў праваслаўных). Даўней у гэты дзень тут быў кірмаш: жыхароў Шыпілавіч адведвалі родныя ды сваякі.

Сёлета святкаванне Петрака (12 ліпеня) пачалося малебнам ля прыдарожнага крыжа. Потым прайшоў канцэрт ля сельскага Дома культуры. На лузе ля клуба расклалі вогнішча, вакол якога жанчыны вадзілі карагоды з пятроўскімі песнямі (мужчыны ў карагодах не ўдзельнічаюць). Замужнія жанчыны, прыгаворваючы пажаданні на добры ўраджай, па чарзе сыпалі ў агонь соль.

Малебен ля прыдарожнага крыжа ў Шыпілавічах.

Вельмі эмацыйны момант у абрадзе, калі дзяўчаты, якім ужо наспеў час ісці замуж, становяцца адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзяць іх “змейкай” з пятроўскай песняй. Жанчыны застаюцца ля вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, водзяць вакол іх карагод. Такім чынам адбываецца ўзаемнае дабраслаўленне замужніх і незамужніх жанчын.

Потым было кумленне: прысутныя скакалі праз вогнішча парамі, хлопцы — забраўшы ў дзяўчыны вянок. За пацалунак хлопцы аддавалі яго са словамі: “Ты — кума, я — кум”. Дзяўчаты адказвалі: “Ты — кум, я — кума”. Фінал — дэгустацыя юшкі (апостал Пётр быў рыбаком).

У Шыпілавічах сёлета працавала Школа традыцыйнага народнага танца “Пятровіца”. Арганізатарам яе стаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама. Суарганізатарам выступае Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.

Школа доўжылася цэлы тыдзень. Удзельнікі пераймалі традыцыйную танцавальную манеру і танцы Любаншчыны ад носьбітаў пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі, харэографа дзіцячага фальклорнага гурта “Верабейкі”.

Удзельнікі Школы народнага танца наведалі і іншыя вёскі раёна: Обчын, Закальное, Пласток, Жораўку і Рачэнь. Там яны знаёміліся з носьбітамі фальклору, танчылі ды спявалі разам….

Дзяўчаты абракаліся на крыжы, што стаіць на месцы царквы, дзе калісьці працаваў бацька ўраджэнца Шыпілавіч, гісторыка, этнографа і фалькларыста Паўла Шпілеўскага. Ахвяравалі крыжу стужкі ды вяночкі. Абраканне менавіта на Петрака стала новай традыцыяй Школы традыцыйнага танца.

У танцавальнай школе вучыліся аматары традыцыйнай культуры з Беларусі, Літвы і Расіі. Як частку палявой практыкі ў гэты час Шыпілавічы наведалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

P.S. Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны тэксты загадчыка арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага дома культуры Сяргея Выскваркі.

 

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага  абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 03.03.2018 21:15:54