:: calculation
2013
Загаловак text
Каляды прайшлі – каляда на дубе
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
23.01.2013
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

Каляды прайшлі – каляда на дубе

21 студзеня ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна зацягвалі каляду на дуб.

 

Абрад аднавіла ў пачатку 1990-х гадоў загадчыца вясковага клуба Ніна Клімовіч. У 2011 годзе абрад прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі.

З саломы робяць каляду, ставяць на старое кола і вязуць на санях да дуба за вёскай. Бяруць з сабой таксама гаршчок з куццёй, ставяць яго на сена ў рэшата.

Гаршчок з куццёй нібыта незнарок апракідваюць на зямлю, у снег. А каляду з колам зацягваюць на дуб. З дуба скідваюць мінулагоднюю каляду і кола, тут жа спальваюць. Вакол дуба водзяць карагоды з песнямі.

Апроч фотарэпартажу з сёлетняга абраду ў Навінах, Svajksta.by мае магчымасць прапанаваць увазе чытачоў максімальна поўны матэрыял пра Ўсцягванне каляды на дуб.

 

 

 

 

Пра абрад провадаў Калядаў

Каляды, як любое іншае свята, прымалі, святкавалі і праваджалі. Абрады провадаў Калядаў на Беларусі адбываліся ў асноўным на Тры Каралі 6 студзеня (каталікі)/Вадохрышча 19 студзеня (праваслаўныя). У некаторых рэгіёнах Беларусі, аднак, каляднымі лічылася яшчэ паўтара ці 2 дні і абрады провадаў Калядаў прыпадалі на 21 студзеня.

Абрад провадаў Калядаў “цягнуць каляду на дуба” патрабуе дадатковых даследаванняў, згадкі пра яго сустракаюцца на тэрыторыі Чэрвеньскага, Асіповіцкага раёнаў, а па стане на сённяшні дзень можна назваць асноўным арэалам распаўсюджвання Бярэзінскі раён Мінскай вобласці і Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці. Вядома, што спраўлялі абрад і ў некаторых вёсках каля Магілёва.

Нягледзячы на сучасны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, па праявах традыцыйнай культуры Бярэзінскі раён прымыкае да Клічаўскага і адносіцца хутчэй да гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну Падняпроўе.

Рэгіна Гамзовіч піша:

Вядома па раней выяўленых звестках, ШТО ЦЯГНУЛІ: кола, барану, калоду, гаршчок з куццёй, ступу, снапок жыта, снапок жыта ў выглядзе лялькі жаночай іпастасі, рэшткі накалядаваных пачастункаў, жанчыну на саначках, якая трымала гаршчок з куццёй, а па дарозе яе стараліся пакачаць у снезе на полі, каб куцця рассыпалася; дзеці патаемна ад дарослых ладзілі свой баль, ля дуба яны падсаджвалі самых малых на барану, што раней была прымацавана да дуба дарослымі, а пад дубам ладзілі танцы пад гармонік…

А таксама ХТО ЦЯГНУЎ: толькі мужчыны, а жанчыны ладзілі святочны стол; мужчыны неслі барану або кола да дуба; на дуба кола цягнула маладая пара, якая збіралася ўзяць шлюб у Мясаед пасля Калядаў — пасля Благавешчання яны ішлі глядзець, ці пасяліліся на дубе буслы, гэта прадказвала ім шчасце ў шлюбе; мужык на санях вёз жанчын і стараўся так разагнаць сані, толькі вехаўшы з варот, каб жанчыны скаціліся з саней і пакачаліся ў снезе; жанчыны, што калядавалі на свята, неслі рэшткі таго, што назбіралі, да дуба і там палілі вогнішча і балявалі, затым вярталіся ў вёску і працягвалі застолле…

ВЫСНОВЫ: Таццяна Валодзіна лічыць, што такі разнабой традыцый у кожнай вёсцы сведчыць пра аўтэнтычнасць абраду, а наяўнасць звестак пра яго па ўсёй тэрыторыі — пра этнічную адметнасць для жыхароў менавіта гэтага рэгіёна, які знаходзіцца на мяжы Падняпроўя, Палесся і Цэнтральнай Беларуссі.”

Рэгіна Гамзовіч, калі ў 2011 годзе рыхтавала дакументы для надання абраду “Цягнуць каляду на дуба” ў в. Новіны Бярэзінскага раёну статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці РБ, апісала яго так:

Увечары 20 студзеня дамаўляюцца, у чыёй хаце будуць праводзіць Каляды (зараз у клубе), хто якія стравы гатуе, у колькі гадзін збіраюцца. Цяпер збіраюцца гадзін у 11-12, каб справіць абрад у абед — жыхары вёскі хочуць у ім паўдзельнічаць. Раней таксама прынараўліваліся да працоўнага часу — цягнулі Каляду раніцай да работы або пасля работы, а вечарам рабілі пагулянку ў складчыну. У які час спраўлялі даўней, калі былі аднаасобныя гаспадаркі, — невядома. 21 студзеня раніцай збіраюцца і ўпрыгожваюць куль саломы ад зажыначнага снапка (або дажыначнага — гэтае пытанне патрабуе навуковага вывучэння), які заўсёды захоўваўся і прыносіўся ў хату перад першай каляднай куццёй і стаяў у чырвоным куце ўсё свята. З гэтага куля рабілі абрадавую ляльку, якую апраналі ў жаночае адзенне: спадніцу, кофту, фартух, хустку. Звараную ў чыгунку або гліняным гаршку куццю ставілі на сена ў рэшата, бралі старое кола ад воза або барану і везлі на санях або на саначках да дуба, які адзінока стаяў  у полі або ў канцы сяла. Старое кола і саламяную ляльку, калі яны захаваліся з мінулага года, скідалі з дуба і падпальвалі, а на дуб усцягвалі новую ляльку ў жаночай іпастасі, кола або барану і куццю. Спявалі абрадавыя песні, вадзілі карагод вакол дуба, а потым пілі гарэлку, закусвалі пад дубам і ішлі да месца збору, дзе святкавалі заканчэнне каляднага цыкла святаў. Танцавалі, спявалі, гулялі. Гэтак жа абрад спраўляюць і зараз.”

На сённяшні дзень абрад адноўлены таксама ў вёсках Чыжаха і Любушаны Бярэзінскага раёну.

Гісторыя вывучэньня абраду ў Бярэзінскім раёне такая (тэкст Рэгіны Гамзовіч):

Першым на гэты абрад звярнуў увагу выкладчык Універсітэта культуры Пётр Адамавіч Гуд, які пабываў у 1984 годзе ў Бярэзінскім раёне па запрашэнні тагачаснага кіраўніка фальклорнага ансамбля “Лявоніха” Генадзя Яфрэмава. Ён жа напісаў артыкул пра гэты абрад у энцыклапедыю “Беларускі фальклор”. Самыя старэйшыя з вядомых носьбітаў традыцыі, удзельнікі абраду — людзі, якія нарадзіліся ў пачатку XX стагоддзя. У в. Глухі Ток П.А. Гуд запісаў інфармацыю ад Алены Курабцовай 1905 года нараджэння, журналістка Рэгіна Гамзовіч з 1993 года запісвала інфарматараў: у в. Неганічы — Шашко Алену Іванаўну 1898 года нараджэння, у в.Поплаў — Трапянок Варвару Мікітаўну 1913 года нараджэння, Самец Марыю Уладзіміраўну 1913 года нараджэння з в.Капланцы, якая жыла ў Засвяціцы,  іншых старэйшых носьбітаў. Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч  — Смаляк Вольгу Цімафееўну 1917 года нараджэння з в.Неганічы, якая жыла ў в.Падвалошка, Федарэнчык Галіну Кандратаўну 1916 года нараджэння з в. Новіны, Казачонак Мар’ю Тарасаўну 1911 года нараджэння з в. Пуцькава, Кузняцову Лідзію Аляксееўну 1918 года нараджэння з в.Марціянаўка (жыве яшчэ),  і іншых. Сама Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч памятае з дзяцінства, што на дуба цягнулі барану ў яе роднай вёсцы Пуцькава Бярэзінскага раёна. Што цягнулі вечарам, а потым была складчына, на якой дзеці не прысутнічалі, гулялі толькі дарослыя. У сучасны перыяд у жывой традыцыі абрад “Цягнуць каляду на дуба”існуе ў в.Новіны, дзе адноўлены Нінай Дзмітрыеўнай Клімовіч разам з яе раднёй, з усёй вёскай з 1998 года.

 

 

 

У жніўні 2011 году адбылася этнаграфічная экспедыцыя РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” па Клічаўскім раёне. У кожнай вёсцы па парадзе Рэгіны Гамзовіч задаваўся шэраг пытанняў пра абрад “цягнуць rаляду на дуба”. У выніку планамернага даследавання атрымалася сабраць досыць шмат матэрыялу.

 

  • У в.Арэхаўка 21 студзеня “на правод Калядаў” цягнулі каляду на дуба: збіраліся ў госьці, гулялі. Пяклі булачкі – “булавушкі”. Стругалі лучынкі, рабілі зь іх крыжыкі, кідалі ў калодзеж, каб было на працягу году досыць дажджу. Моладзь цягнула барану (адну на ўсю вёску) на дуб (штогод на адзін і той жа), “каб добра баранавалася”. Як бачым, асноўнай функцыяй абрадных дзеяньняў на правод Калядаў у в. Арэхаўка было забеспячэнне ураджаю.
  • У в.Буднева 21 студзеня збіраліся, гулялі. Бытавала прымаўка: “Каўбасу спячы, барану да дуба дацягні”. Пасля застолля (“каўбасу спяклі, паелі, выпілі”) садзілі старую бабу на барану, цягнулі барану ўніз зубамі да дуба па-за межамі вёскі. Там пелі і таньчылі, частаваліся, абдымалі дуб, беручыся ўсе разам за рукі (“паспасібавалі дубу”, “пажалелі дуба”). Ежу і барану пакідалі ля дуба на ноч, прысланіўшы да ствала зубамі. На развітанне крычалі кожны сваё, напрыклад: “Пакідаем табе барану, каб было здароўе, як у цябе, дуб, крэпкае, і ў нас”. Адбягалі ўсе разам (“кучай”) ад дуба на пэўную адлегласць, крычалі нешта кшталту “Гу-у, жджы да другога года, зноў прыдэм!”. Назаўтра руплівы гаспадар забіраў сваю барану дадому.
  • У в. Орліна ў канцы Калядаў маленькую драўляную імітацыю бараны зацягвалі на любое дрэва, якому для гэтага ссякалі верхаліну. На гэткай “баране” потым гняздзіліся буслы.
  • У в. Дулебня на “правод Калядаў” 21(20) студзеня для кожнай узроставай катэгорыі быў свой занятак. Моладзь збіралася на танцы, старэйшыя (магчыма, выключна жанатыя) ладзілі застолле, дзеці і падлеткі бегалі ў лес, дзе дурэлі, бегалі, гулялі ў снежкі. Казалі “каляду павязём у лес”. Бытавала прымаўка “Што далей пройдзеш (праводзіш Каляды), то лепшы лён будзе расці”.
  • У в. Дзмітраўка на апошні дзень Калядаў моладзь увечары жартавала – маглі падвесіць санкі на вяроўцы на дрэва насупраць вакна.
  • У в. Коўбча 21 студзеня прывязвалі бутэльку на цвік да бэлькі, налівалі з чаркі гарэлку, назаўтра выпівалі. Таксама ўсцягвалі на дрэва кола, каб у ім гнездаваліся буслы.
  • У в. Закуцце мужчыны з накалядаванага ладзілі застолле, якое працягвалася да самага ранку.
  • У в.Закуцкі дварок існавала некалькі варыянтаў абраду, якія здзяйснялі ці ўсе ў адзін год, ці не ўсе адразу. 19 студзеня жанчыны рабілі вялікую саламяную ляльку, апраналі яе і абувалі (сукенка, хуста, чырвоныя боты). Ляльку маглі каму-небудзь падкінуць, такім чынам пажартаваўшы. У адзін год вазілі бабу на баране, на другі вешалі барану на сук дуба (верхаліну дрэва не спілоўвалі). Жанатыя рабілі застолле ў складчыну. Жартавалі: кралі што-небудзь, зацягвалі куды-небудзь (“цягнуць каляду на дуба”) і хавалі.
  • У в.Курганне “на провады Калядаў” два чалавекі цягнулі барану на дуба, паставіўшы да дуба драбіны. На барану саджалі ляльку са стужак, якой малявалі тварык. Барана вісела да вясны, гаспадар забіраў яе, калі прыходзіў час баранаваць.
  • У в. Новая Слабодка жартавалі з дзяцей, казалі, што трэба бегчы да дуба, “бацінкі каляда прынесла”, але дасць толькі калі прыбяжыш басанож.
  • Хлопчыка з в. Даўжанка, што побач з в. Новая Слабодка, за савецкім часам у школе спыталі, ці бачыў ён Бога. Той адказаў: “Так, бачыў. На дубе сядзеў, каўбасу еў”. Мабыць, у Даўжанцы, як і ў Новай Слабодцы, жартавалі з дзяцей на тэму таго, хто сядзіць на дубе ў апошні дзень Калядаў.
  • У в. Востраў пажылую бабу цягнулі на санках, паставіўшы ёй на санкі графін самагонкі з закускай. Цягнучы, увесь час спявалі пад гармонік. Узгадалі кавалак песні: “Калядкі, Калядкі, паелі бліны ды аладкі”. Зацягвалі бабу да каго-небудзь у двор, там прымалі, частавалі. Калядой звалі гаршчок з куццёй, што стаяў на сене на покуці па працягу ўсяго каляднага перыяду. Аднак звестак, што яго кудысьці адвозілі, не зафіксавана (аддавалі курам). У той жа вёсцы іншая інфармантка распавядала, што на Багатую Каляду (13 студзеня) нашчадраванае вазілі на санках да дуба ў канцы вёскі. Казалі “цягнуць к дубу каляду”. Ля дуба спявалі, потым вярталіся ў вёску і з’ядалі ўсё разам. Мабыць, гэта было своеасаблівае свянцанне ежы ля дуба.
  • У в. Патокаяк канец Калядам” хлопцы каталі дзявок на санках і пераварочвалі іх.
  • У в.Ваевічы на Посную Каляду на кожным дварэ ля брамы палілі пудзіла — куль саломы, які звалі “Святая”, ці “Посная” Каляда. Прыгаворвалі, каб Бог даў здароўя, прыбылі, скаціна каб вялася, чыталі “Ойча наш”. 6 студзеня на кут ставілі “каляду” – сноп з саломы, упрыгожаны стужкамі, магчыма, зажыначны. Там жа, на куце, сцялілі надзежнік, клалі сена, на яго ставілі куццю. Прыказвалі, што 21 студзеня трэба выносіць каляду (сноп і куццю) з хаты і ставіць высока – на дуб ці якое іншае дрэва, каб усё высокае расло, каб моладзь бралася шлюбам. Каляду зацягвалі хлопцы, трэба было, каб дуб рос на растаньках. Часамі каляду на дуб не выносілі, аддавалі скаціне. Былі спецыяльныя песні на правод Калядаў.
  • У в. Драні 21 студзеня зацягвалі барану на дуб ці на любое іншае дрэва “каб буслы вяліся”. У дрэва папярэдне зразалі верхаліну. Быў выпадак, калі зацягнулі на дрэва, што стаяла на могілках, там буслам не спадабалася, не сталі гнездавацца.
  • У в. Брусы таксама ўсцягвалі на дуб старую барану для буслоў.
  • У в.Чарвякі казалі “провады каляды”. Калі яны адбываліся, дакладна высветліць не атрымалася. Рабілі пудзіла з саломы (сноп) у чалавечы рост, апраналі ў стары кажух, цягнулі ў лес па дарозе нагамі наперад, у лесе (ці за вёскай) палілі. Пасля Вадохрышча рабілі застолле для суседзяў.
  • У в. Новыя Набаркі (на мяжы з Бярэзінскім раёнам) 6 студзеня старыя бабы з усёй вёскі разам рабілі ляльку (“чычала”, “каляду”) з саломы, ставілі на куце ў адной з хат, на паліцу пад абразамі. 21 студзеня лічылася апошнім днём Калядаў, у гэты дзень з лялькай усе развітваліся, і мужчыны спальвалі яе за вёскай, штогод на адной і той жа пляцоўцы. Калі ўжо лялька гарэла, рыхтавалі скаромны стол у складчыну. За стол, як правіла, збіралася ўся вёска, але былі людзі, якія не хадзілі. За сталом спявалі бяседныя (застольныя) песні. У 1970-х гадох сталі рабіць застоллі асобна ў розных хатах, збіраліся, хто з кім сябруе. Ляльку ўжо не рабілі.“Цягнуць каляду на дуба” значыла “добра святкаваць”.
  • У в. Доўгае “каляда на дуба” – гэта застолле. Па розных звестках, на гэта застолле зьбіраліся толькі жанатыя ці толькі мужчыны. “Калядой” звалі скручанае сена, што ляжала на покуці падчас Калядаў. Пасля святочнага перыяду гэта сена скармлівалі скаціне. Цягалі на саначках старую бабу-каляду, якая за гэта частавала ўдзельнікаў абраду.
  • У в. Замікітка ў апошні дзень Калядаў рабілі ляльку з ільну (мабыць, няпрадзенага), расфарбоўвалі яе. Моладзь несла ляльку да дуба, чапляла і пакідала там на год. Несучы і чапляючы, спявалі:

На дуба, калядкі, на дуба

Дзевачкам кудзелька ня люба

Каб нам калядак нядзель дзясятак

Нашы праснічкі б настаяліся

Нашы дзевачкі б нагуляліся

 

 

 

У шмат якіх вёсках Клічаўскага раёну пад “калядой на дуба” інфарманты разумеюць застолле: Гонча, Клічаўскія пасёлкі, Каўбчанская Слабада (21 студзеня), Суша (“на паследні дзень Каляд”), Закуцце (21 ці 22 студзеня), Стаялы (21 ці 22 студзеня), Церыхаў Бор (21 студзеня),

  • У в. Клічаўскія пасёлкі на застолле збіраліся ў асноўным сваякі, суседзяў запрашалі “калі харошыя”. У в. Стаялы запрашалі толькі сваякоў. У в. Церыхаў Бор пелі песьні, якія ўтрымлівалі словы “Ой, калядачкі, вы на дуб, на дуб”.

Цікава, што пад “апошнім днём Калядаў” большасць інфармантаў у Клічаўскім раёне як само сабой разумеюць не 19 студзеня, а 20 ці 21.

  • У в.Аколіца цягнулі барану на “чысты” дуб (што стаіць на водшыбе, каб ля яго мала хадзілі, не сварыліся). Барану здымалі, цэлы год яна не вісела. Што цікава, адбывалася гэта на апошні дзень Масленкі, зранку.
  • У в.Пярэкаль абрад здзяйснялі на Посную Каляду: у абед неслі на руках да дуба адмыслова зробленую драўляную барану з жалезнымі зубамі, якой баранавалі бульбу. Зацягвалі барану на дуб пры дапамозе драбінаў. На той баране потым гнездаваліся буслы. Дазвалялася цягнуць Каляду “добрай” моладзі, каб разумныя, вернікі, не п’яніцы. Ля дуба спявалі калядкі “Ой, калядачкі, бліны ды аладачкі…”. Казалі, што гэта рабілі “каб на лета <Каляды?> шчэ ўстрачалі”. Цягалі на санках бабу, якая пэўнымі дзеяннямі дапамагала моладзі шлюбнага ўзросту хутчэй стварыць сям’ю.

У прымежных з Клічаўскім раёнам вёсках Бярэзінскага раёна:

  • У в.Мацевічы 20 студзеня збіраліся выпіць-пагуляць, гэтае застолле звалася “цягнуць Каляду на дуба”.
  • У в. Кавяза зацягвалі барану на дуб.
  • У в. Каменны Барок 20 ці 21 студзеня ладзілі застолле, хлопцы везлі на санках (па іншых звестках, несьлі на руках) вялікі снапок-ляльку, вешалі на дуба. Потым вакол дуба вадзілі карагоды, спявалі. Лялька вісела прыкладна 2 тыдні, потым яе здымалі і спальвалі.

У памежным з Клічаўскім Бялыніцкім раёне, у вёсцы Асавец, была запісана песня:

Ай, Калядачкі, а на дуб, на дуб,

Ой, люлі, рана, а на дуб, на дуб.

А нам, дзевачкам, а ніхто ня люб,

Ні старэнькія, ні маленькія,

Адно хлопчыкі маладзенькія.

Песні з падобнымі словамі шырока пашыраны ў Паўночнай Беларусі. Па словах старшыні РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” Аляксея Глушко, яны зафіксаваныя ў Сенненскім, Талачынскім, Аршанскім, Чашніцкім, Крупскім раёнах.

Звесткі пра падобныя абрады зафіксаваны і ў Заходняй Беларусі:

  • у в. Бярдовічы Слонімскага раёну чыгунок з рэшткамі куцці ставілі на дрэва;
  • у некаторых вёсках Лідскага раёну на апошнюю куццю ў праваслаўных маскіраваны персанаж – Дзед Мароз на санях “адвозіў каляду”. Дзед Мароз казаў дарослым: “Кіньце каляду, я з сабою павяду” – яму давалі булкі, кілбасы, баранкі, грошы. Ён прыходзіў дахаты і разам з жонкай клікаў да сябе суседзяў, потым усе разам гулялі. Казалі “Як Дзед Мароз праедзе, гэта ўжэ ні будзе Каляд, Каляды пойдуць ужэ”. Відавочна, што Дзед Мароз тут замяніў нейкі больш старажытны персанаж. Можа быць, даўней і тут на санях ехала баба, якая звозіла Каляды з сабою? З Калядой на дуба гэты звычай яднае і застолле, на якое збіраліся суседзі (звычайна Куцця – гэта сямейнае застолле).

 

.

 

Тэкст і фота — Алена Ляшкевіч,

спец. для Svajksta.by

Выкарыстаныя аўтаркай крыніцы:

Архіў РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”

Тэксты і экспедыцыйныя запісы Рэгіны Гамзовіч

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Том 1. Том 3, кніга 1. Том 5, кніга 1.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.05.2018 15:06:37