:: calculation
2014
Загаловак text
Ой ты, чырачка-пташачка!
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
08.03.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

Ой ты, чырачка-пташачка!

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Старажытны абрад “Чырачка” існуе ў вёсцы Тонеж. Гэтае традыцыйнае свята прысвечана прылёту птушак і іх сустрэчы, таму абрад і носіць такую назву.

Удзельнікі дзейства ў час абраду "Чырачка".

Жыхары вёскі Тонеж — дзеці, моладзь, а таксама людзі старэйшага веку, сярод якіх і ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” мясцовага сельскага Дома культуры. Тамара і Галіна Прыбалавец, Матруна Дрынеўская, Галіна і Надзея Акуліч, Валянціна Чарнушэвіч, Марыя Грудніцкая, Надзея Дрынеўская ды іншыя ўдзельнічаюць у абрадавых дзействах, каб праводзіць зіму і выклікаць хутчэйшы надыход вясны.

“Чырачка” праходзіць у апошні дзень перад Велікодным постам і пачынаецца зранку, калі вясковыя жанчыны замешваюць цеста, якое аддаюць маладзіцам у іншы пакой. Яны вымешваюць і раскатваюць яго. Пасля гэтага выразаюць з цеста пернікі ў выглядзе птушак-чырачак (чырак) і выкладваюць спачатку на бляху, а потым ужо ў кошык. Звычайна гэта адбываецца ў хаце Надзеі Дрынеўскай. Тым часам вясковая дзятва ў адной з хат упрыгожвае елку стужкамі і кветкамі. Перад тым, як выйсці з варот, прысутныя на двары мыюцца талай вадой, каб не хварэць, а да гэтага пояць кароў, “шоб кароўка не балела, сама помоюсь тоею вадою, бо ў той жа дзень та вода хороша, ад яе людзі не балеюць, і пойдом. Прыдуць ко мне бабоў багата, і молодые — усе разам пойдом”.

Вясновы гурт з песнямі накіроўваецца па вясковай вуліцы з пудзілам зімы, елкай, печывам у выглядзе птушак да ўзгорку. На шляху шэсця да апошняга далучаюцца іншыя людзі. Пасля гэтага ўсе падымаюцца на гару, дзе маладыя ўдзельнікі абраду тройчы просяць бласлаўлення ў старэйшых жанчын гукаць вясну: “Блаславіце, людзі добрыя, вясну-красну гукаці…”. Потым моладзь заклікае: “Вясну-красну — на вулачку, а зімачку — у каморачку”. Да вясны-красны звяртаюцца па цяпло, кветкі, багаты ўраджай, прыплод жывёлы, сямейнае шчасце. Удзельнікі гукання вясны становяцца ў карагод, у тры колы: у адным — дзеці, у другім — моладзь перадшлюбнага ўзросту, а ў трэцім — жанчыны сталага ўзросту. Усе водзяць карагод і спяваюць песню-вяснянку “Ой, гу, вясна, ой, гу, красна…”.

Пасля гэтага адбываецца дыялог паміж моладдзю і старэйшымі ўдзельнікамі свята. Усе пачынаюць вадзіць карагод, гуляюць у “Грушку”. Моладзь становіцца ў кола, у сярэдзіне — дзяўчына — “Грушка”. Вакол яе і водзяць карагод, спяваюць. Далей бяруцца за рукі і зноў становяцца ў карагод. Выбіраюць “Перапёлачку” і каля яе, у сярэдзіне кола, ставяць пудзіла зімы, вядуць карагод, спяваюць. Хлопчыкі бяруць пудзіла зімы і нясуць на вогнішча. Жанчына сталага ўзросту запрашае аднавяскоўцаў пагуляць у “Вароты”. І зноў усе пачынаюць вадзіць карагод ды спяваць. Далей развітваюцца з елкай. Адзін хлопчык бярэ яе і бяжыць да самага высокага дрэва на гары, залазіць на яго як мага вышэй, бліжэй да сонца. Там уладкоўвае елку. Гэтым ён дае ўсім прысутным знак, што вясна прыйшла!

Пасля жанчыны ўладкоўваюць на зямлі посцілкі, ставяць на іх традыцыйныя стравы і запрашаюць удзельнікаў абраду пачаставацца.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Ірыны ГЛУШЭЦ

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.01.2018 15:59:11