:: calculation
2014
Загаловак text
З паўтара дзясятка вёсак…
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
27.09.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

З паўтара дзясятка вёсак…

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Адгрымеў у Ляскавічах “Покліч Палесся” — падзея для беларускай традыцыйнай культуры знакавая. Гэта, бадай, адзіны фестываль са значнай доляй аўтэнтычнага фальклору ў праграме, падтрыманы на самым высокім дзяржаўным узроўні. Хацелася б распавесці пра частку падрыхтоўкі да яго, у якой давялося ўзяць удзел.

Спачатку фестываль планаваўся на жнівень, і да яго прымеркавалі маладзёжны этнаграфічны летнік у Петрыкаўскім раёне. Аматары традыцый з’ехаліся з усёй Беларусі, каб пад час палявых работ больш даведацца пра Палессе. Летнік праводзіўся пад апекай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Сярод суарганізатараў — Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама.

У летніку ўзялі ўдзел людзі з розным досведам экспедыцыйнай працы: некаторыя раней даследавалі этнаграфію Беларусі ў складзе Гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака” і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а некаторыя кантактавалі з носьбітамі традыцыйнай культуры ўпершыню. Кожнаму знайшлася справа: самыя дасведчаныя апытвалі інфармантаў, астатнія занатоўвалі найбольш істотныя моманты гутаркі, рабілі фота- і відэаздымкі. Амаль кожную групу даследчыкаў суправаджалі супрацоўнікі ўстаноў культуры раёна.

За тры дні экспедыцыйнай работы даследавалі шэраг вёсак і пасёлкаў: Міхедавічы, Вялікія і Малыя Сялюцічы, Бобрык, Камаровічы, Ляскавічы, Піліпоны, Навасёлкі, Заброддзе, Аголічы, Галубіца, Славінск і Капцэвічы. Імкнуліся мінаць паселішчы, даследаваныя два гады таму — пад час першага падобнага летніка. Запісалі песні, апісанні абрадаў, вечарын, вяселляў. Сярод удзельнікаў былі людзі, зацікаўленыя вуснай гісторыяй, таму і гэты кірунак, не дужа тыповы для этнаграфічнай экспедыцыі, не застаўся па-за ўвагай. У жыхароў раёна захоўваецца шмат старых фотаздымкаў, тэкстыльных вырабаў, нават знайшлі некалькі прадметаў традыцыйнага адзення. У раёне цікавая архітэктура: разныя ліштвы, вокны, складзеныя з маленькіх шкельцаў на паддашку, дзе-нідзе захоўваецца нават традыцыйная планіроўка двара.

Удзельнікі летніка наведалі Музей прыроды ў Ляскавічах. У экспазіцыі ёсць і этнаграфічная частка. Аднак яна аформлена прадметамі немясцовага паходжання і часамі нават неаўтэнтычнымі. Напрыклад, такі экспанат, як маляваны дыван, больш характэрны для Цэнтральнай ці Паўночнай Беларусі, чым для Палесся. Рэканструяваны неадпаведна традыцыйнаму адзенню строі на манекенах. Музейныя работнікі паведамілі, што аўтар канцэпцыі экспазіцыі — Аляксандр Бранцаў з Мінска. Хто гэта і дзе працуе, высветліць не атрымалася. На пытанне, ці ладзіць установа этнаграфічныя экспедыцыі, ці папаўняе фонды прадметамі мясцовага паходжання, быў атрыманы адмоўны адказ. У той жа час у музеі працавала выстаўка аўтэнтычных тэкстыльных вырабаў з Жыткавіцкага раёна. Таму ўражанне пасля наведання засталося дваістае.

Матэрыялы будуць апрацаваны і выкарыстаны ў рабоце супрацоўнікаў Петрыкаўскага РАМЦ і Гомельскага АЦНТ. Налета запланаваны раённы семінар па выкарыстанні матэрыялаў, сабраных пад час летнікаў сёлета і ў 2012 годзе. Акрамя таго, мае выйсці фальклорны зборнік, магчыма, з аўдыядадаткам.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,  метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.01.2018 01:13:08