:: calculation
2014
Загаловак text
Адбылася Стрэчаньская вечарына 16 лютага 2014 г.
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
18.02.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

У мінскай кавярні L’абрус 16 лютага прайшла вечарына, прысвечаная святу Стрэчання (Грамніцам). Сяргей Георгіевіч Выскварка, фалькларыст з Любані, кіраўнік дзіцячага танцавальнага гурта “Верабейкі”,  правёў майстар-клас па танцах для ўсіх ахвочых. Пасля майстар-класу адбыўся канцэрт гурта “Горынь”.

Поўны тэкст text

Адбылася Стрэчаньская вечарына 16 лютага 2014 г.

У мінскай кавярні L’абрус 16 лютага прайшла вечарына, прысвечаная святу Стрэчання (Грамніцам). Сяргей Георгіевіч Выскварка, фалькларыст з Любані, кіраўнік дзіцячага танцавальнага гурта “Верабейкі”,  правёў майстар-клас па танцах для ўсіх ахвочых. Пасля майстар-класу адбыўся канцэрт гурта “Горынь”.

Арганізавалі вечарыну сябры РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" - спявачкі гурта "Горынь", Аляксей Чубат і Настасся Кухарэнка,  якая падзялілася ўражаннямі: “Я рада, што ў такі пахмурны лютаўскі дзень людзі вясёлыя, задаволеныя, і ўсё гэта дзякуючы танцам!” 

Падчас майстар-класу ўдзельнікі вучылі танцы з Любанскага раёна, пераважна з в. Пласток, дзе нарадзіўся Сяргей Георгіевіч Выскварка. Танцы граў Васіль Васільевіч Семашкевіч, патомны гарманіст, што нарадзіўся на Магілёўшчыне, але ўжо досыць доўга жыве ў Любані. Нядаўна пры дапамозе Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці  і   РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" выйшаў дыск з танцавальнымі найгрышамі В.В. Семашкевіча.

Засвоенную танцорамі Лявоніху “кальцом” у Пластку танчылі ўвесну і на вяселлях. Вывучылі некалькі танцаў у тройках, як даўно вядомых мінскім танцорам у парных варыянтах (Лявоніха ў тройках з в. Таль, Падыспань у тройках з в. Пласток), так і зусім новых (Драпак у тройках з в. Пласток). Паўтарылі польку “Казу” з в. Таль. Пад гэты танец С.Г. Выскварка запісаў ад носьбітаў традыцыі прыпеўку: 

Казаў бацька, казу дам,

Ды з маленькім казляням.

Ой, ты, бацько, не хлусі,

Бо казы ты не дасі.

У прыпеўцы ідзе размова пра пасаг, што бацька павінны даць за дачкой. Аднак, польку “Казу” ў Талі танчылі не толькі на вяселлях.

На майстар-класе прыгадалі некалькі танцаў, запісаных Ігнатам Буйніцкім (1861 - 1917). У 1907 г. ва ўласным маёнтку Палівачы (цяпер на тэрыторыи Глыбоцкага раёна) Ігнат Буйніцкі стварыў аматарскі танцавальны гурток, у якім спачатку ўдзельнічалі чальцы ягонай сям’і і блізкія людзі. Пасля выступу ў 1910 г. у Вільні гурток атрымаў назву "Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага". У 1910 - 1913 гг. трупа актыўна гастралявала па тэрыторыі Паўночнай Беларусі і Віленшчыны з песнямі, танцамі, п'есамі і невялікімі сцэнкамі. Яшчэ пры жыцці Ігната Буйніцкага называлі бацькам беларускага тэатру. Ён упершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. У Сяргея Георгіевіча Выскваркі атрымалася аднавіць танцы па апісаннях Ігната Буйніцкага, не маючы дакладнага малюнку. Такім чынам былі вернуты ва ўжытак Юрачка, Мяцеліца, Чабарок.

Майстар-клас 16 лютага плаўна перацёк у танцавальную вечарыну, калі вывучанныя раней танцы не “разбіраліся” падрабязна, а паўтараліся прысутнымі за дасведчанай парай. Сапраўднымі хітамі вечарыны сталі мужчынскі танец "Шаміля" і жаночы "Барыня". Выконваючы іх, танцоры і танцоркі паказваюць сябе, імправізуюць, дзяўчаты спяваюць прыпеўкі. Лічыцца, што "Барыню" беларусы запазычылі з Расіі. Аднак гісторыя "Шаміля" яшчэ цікавейшая. Як распавеў С.Г. Выскварка, мабыць, "Шаміля" бярэ пачатак ад каўказскай Лезгінкі, якая адаптавалася на беларускай глебе. Як трапіла? Дакладна не вядома, можа быць, праз рэкрутаў, што вярталіся пасля доўгай службы ў родныя беларускія вёскі. Згадкі пра гэты танец фіксаваліся этнографамі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Што цікава, танец прыходзіў у Беларусь не аднойчы: у сваю першую “вандроўку” ён засвоіўся ў парным варыянце, які мы сёння ведаем як Базар.

Пасля майстар-класа адбыўся канцэрт гурта "Горынь". Кіраўніца гурта Наста Глушко зазначае: "Горынню" на тэрыторыі Беларусі звалі чырвоныя баваўняныя ніткі для вышывання, якія прадавалі Ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя па беларускіх вёсках цыганы і габрэі. Назва нітак паходзіць ад нямецкага слова garn, што значыць "пража". Гурт “Горынь” “вырас” 5 год таму з агульных спеўных заняткаў пры РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Рэпертуар гурта папаўняецца падчас этнаграфічных экспедыцый (іх Таварыства са дня свайго заснавання ў 1998 годзе здзейсніла ўжо больш за 20).

“Горынь” часта запрашаюць на вяселлі, дзе дзяўчаты спяваюць і дапамагаюць аднавіць элементы традыцыйных вясельных абрадаў. Летась выйшаў першы дыск гурта, “Да падай, Божа, ключы”, дзе спявачкі выконваюць веснавыя песні розных рэгіёнаў Беларусі.

На вечарыне 16 лютага гурт "Горынь" выконваў стрэчаньскія (грамнічныя) песні. Свой выступ дзяўчаты ўпрыгожылі запаленымі свечкамі. Наста Глушко, кіраўніца гурта, патлумачыла: "Свяча - сімвал Грамніцаў. Таму мы вырашылі так аформіць прастору падчас нашага канцэрту". Суканне і асвячэнне ў царкве свечак было асноўным рытуалам на Стрэчанне. Грамнічныя свечкі, якія дзе-нідзе так і зваліся - "грамніцамі" захоўваліся ў сялянскай хаце на покуці на працягу цэлага года. Свечкі-грамніцы выкарыстоўваліся ў аграрнай абраднасці і жывёлагадоўлі, у сямейнай абраднасці і для абароны ад маланкі, хвароб, падчас варожбаў. Выкарыстанне грамнічных свечак перапынялася толькі падчас жалобы, на працягу года пасля смерці кагосьці з сямейнікаў.

Паля канцэрту пачалася другая частка танцавальнай вечарыны, пад акампанемент гарманістаў Аляксея Крукоўскага, Віктара Шыпкова, і скрыпачак Кацярыны Радзівілавай і Алены Мялешкі.

Па словах Аляксандры Духноўскай, адной з удзельніц імпрэзы, атмасфера на вечарыне атрымалася вельмі ўтульная, нават сямейная.

Фота з імпрэзы можна паглядзець тут

Алена Ляшкевіч

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.01.2018 01:35:57