:: calculation
2014
Загаловак text
Масленічны тыдзень у Гарадоцкім раёне распачаўся абрадам “Пахаванне Дзеда”
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
26.02.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

Масленічны тыдзень у Гарадоцкім раёне распачаўся абрадам “Пахаванне Дзеда”. Дзед – гэта лялька памерам у чалавечы рост з выразным атрыбутам "мужнасці". На жартоўным пахаванні гучаць сапраўдныя галашэнні, але скрозь слёзы чуваць і смех. Масленічны абрад “Пахаванне Дзеда” ў Гарадоцкім раёне летась узяты пад ахову як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Здаўна абрад праводзіўся ў в. Маскаленяты, быў пераняты жанчынамі з в. Даўгаполле, сёлета прайшоў у в. Кісялі.

Поўны тэкст text

Масленічны тыдзень у Гарадоцкім раёне распачаўся абрадам “Пахаванне Дзеда”

Масленічны тыдзень у Гарадоцкім раёне распачаўся абрадам “Пахаванне Дзеда”. Дзед – гэта лялька памерам у чалавечы рост з выразным атрыбутам "мужнасці". На жартоўным пахаванні гучаць сапраўдныя галашэнні, але скрозь слёзы чуваць і смех. Масленічны абрад “Пахаванне Дзеда” ў Гарадоцкім раёне летась узяты пад ахову як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Здаўна абрад праводзіўся ў в. Маскаленяты, быў пераняты жанчынамі з в. Даўгаполле, сёлета прайшоў у в. Кісялі.

Ляльку Дзеда звычайна робяць за дзень да свята. Набіваюць старое ці непатрэбнае адзенне саломай ці сенам, малююць твар, бывае, чапляюць вусы і валасы. Галасіць пачынаюць ужо падчас вырабу лялькі. Назаўтра, у панядзелак Масленічнага тыдня, збіраюцца ў адну хату, Дзеда кладуць на покуць, накрываюць кавалкам цюлю. Кажуць: “Дзед мяса еў, косткай падавіўся”, таму і памёр. Сэнс такога выказвання ў тым, што даўней на Масленічным тыдні ўжо не елі мяса, са скаромнай ежы дазвалялася толькі малочнае.

Галосячы па ім, распавядаюць розныя гісторыі з Дзедавага жыцця: жыў доўга, любіў хадзіць на рыбу, таньчыць, у канцы жыцця ляжаў, хадзіць не мог. Найбольшая частка аповядаў падчас “пахавання” прысвечана эратычным прыгодам Дзеда: любіў і маладых, і старых, але маладзіц, канечне, болей. Быў прыгожы, і жанчыны яго любілі. Падчас галашэнняў высвятляецца, што ледзь не ўсе ўдзельніцы абраду – “жонкі” памерлага Дзеда. Тут морквіна, што даволі натуралістычна сімвалізуе атрыбут мужнасці Дзеда, пачынае торгацца (адна з удзельніц цягне за прывязаную да яе вяроўку). “Ты паглядзі! – “здзіўляюцца” жанчыны – Памёр-памёр, а струк шавеліцца! Это ешчо работаіць!”

Удзельнічаць у абрадзе дазваляецца толькі замужнім жанчынам у якіх ёсць дзеці. Бывае, удзельнічаюць і мужчыны, таксама абавязкова жанатыя. Падобныя забароны сустракаюцца па ўсёй Беларусі: амаль усюды нежанатым забаранялася ўдзельнічаць у хрэсьбінах, у Клічаўскім раёне на Міколу нежанатыя не садзіліся за стол. Абрады, што здзяйсняла моладзь, безумоўна, мелі эратычны кантэкст, але выяўляўся ён больш метафарычна, сціпла.

Каб “палячыць” Дзеда, прыходзіць Лекар. Не вера, што Дзед памёр, мерае яму ціск, спрабуе ажывіць.Пасля Лекара - чарга Папа. Той ходзіць вакол Дзеда з кадзілам, “адпявае”, хрысціцца. Ролі Папа і Лекара выконваюць пераапранутыя ўдзельніцы абраду.

“Адгараваўшы” і адначасова насмяшыўшы адна адну, жанчыны вязуць Дзеда хаваць. Калі ёсць снег, выкарыстоўваюць санкі, калі няма – што ж рабіць, даводзіцца везці на вазку. Па розных звестках, Дзеда ці то вывозілі за вёску, ці то, наадварот, “хавалі” чым бліжэй да хаты, абы не на падворку і пад дрэўцам. Засыпаючы ляльку снегам ці саломай, жанчыны яшчэ галосяць, але ўжо “суцяшаюць” адна адну: “О, зараз дзеда памянем!”. Прыпяваюць: “Як на покуці ляжаў, то шчэ была трохі жаль, як завезлі за сяло, так і стала весяло!”.

І памінаюць весела! На “памінках” грае гарманіст, гучаць прыпеўкі з эратычным зместам (у народзе іх яшчэ завуць “срамныя” ці “салёныя”). Аднак нават у гэтых прыпеўках не чуваць грубасці і рэчы рэдка завуцца сваімі імёнамі, тэксты выклікаюць ва ўсіх прысутных шчыры рогат. Гарманіст кажа: “Трэба ж успомніць, як Дзед танцаваў!” – і пачынаюцца танцы.

На стале пераважна малочныя прадукты, бліны, а таксама рыба, юшка з аржаной мукі. Яечня завецца "петушынай", лічыцца абавязковай стравай на памінальным стале, і, суадносна, падчас абраду пахавання Дзеда. Адна з галоўных абрадавых страў - куцця з пшаніцы.

На заўтра, у аўторак масленічнага тыдня, раніцой удзельніцы абраду ходзяць “будзіць Дзеда”, як ходзяць на могілкі “будзіць” сапраўднага нябожчыка. Ляльку Дзеда разбіраюць.

Пад час усяго абраднага дзеяння калі-нікалі ды й згадаюць Бабу, што хварэе, пры смерці ляжыць.  "Мабыць, - кажуць - памрэ, бо Дзед мяккі і левая нага ў яго на бок адвярнулася". Тут карыстаюцца прыкметамі, што датычацца "сапраўдных" нябожчыкаў: у Гарадоцкім раёне вераць, што калі ў памерлага левая нага адварочваецца ўбок, то памрэ жанчына, калі правая - то мужчына. Бабу (таксама ляльку у чалавечы рост, але ўжо з выразнымі жаночымі атрыбутамі – асабліва імкнуліся выдзеліць грудзі) у Гарадоцкім раёне хавалі ў панядзелак пасля Масленкі. Казалі, што Баба памірае, бо “падавілася сырніцай” – за Масленкай наступае Вялікі Пост, калі нельга ўжываць прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку малочныя.

Метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Лілія Рэзкіна адзначае, што падчас падрыхтоўкі да надання абраду статусу элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны і тым больш пасля надання статусу ўвага грамадства да абраду значна ўзрасла.

Фота з абраду можна паглядзець тут.

Алена Ляшкевіч

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.05.2018 09:36:23