:: calculation
2013
Загаловак text
ХЛЕБ І ДА ХЛЕБА
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
15.08.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

ХЛЕБ І ДА ХЛЕБА

Паміраць збірайся, а жыта сей

Што было напачатку? На такое пытанне, пэўна, адкажуць толькі легенды.

 “Калі Бог стварыў чалавека, дык доўгі час хлеба не было: людзі елі рознае карэнне. Кажуць, нават бульбы не было. Больш за ўсіх галадалі сабакі. Таму яны, узняўшы свае морды ўверх, страшна завылі, просячы ў Бога хлеба. Бог пачуў іх просьбу і кінуў ім з неба адзін жытні колас. Але сабак было вельмі многа, дык адзін колас не змог накарміць іх усіх, таму яны сталі яго адбіраць адзін ад аднаго і рваць у розныя бакі, пакуль нарэшце не разарвалі яго на шматкі і не патапталі нагамі. Ад таго зерне рассыпалася па зямлі і на другі год ад аднаго коласа пайшоў такі багаты ўраджай, што людзі намалацілі цэлую бочку жыта. І з таго часу сталі разводзіць хлеб — а ўсё па пачыне сабак”.

Такую легенду пад назваю “Адкуль жыта” захавала народная памяць.

Паводле гістарычных звестак, жыта (навуковая назва — Secale cereale) пранікла на тэрыторыю сучаснай Еўропы з Усходу яшчэ ў бронзавым веку, XVIІІ—XV ст. да н.э. На тэрыторыі сучаснай Беларусі шырокае распаўсюджанне жыта пачалося на мяжы нашай эры.

У XVI ст., калі Заходнюю Еўропу захліснула рэвалюцыя цэн, збожжа ў нашым краі пачало адыгрываць важную эканамічную ролю. Пасля адкрыцця Калумбам Амерыкі ў Стары свет хлынула багата золата і срэбра, у выніку чаго пад канец стагоддзя цэны на тавары выраслі ў 2,5-4 разы. Тым часам еўрапейскія мануфактуры патрабавалі сыравіны, што стварыла высокі попыт на збожжа, воўну, лён, жалеза. Рэч Паспалітая, у тым ліку ВКЛ, скарысталі гэтыя спрыяльныя ўмовы і з канца XVI ст. экспарт таннага збожжа стаў галоўнай крыніцай даходу. Але разам з тым краіна стала фактычна рэгіёнам монакультуры. У выніку штодзённае харчаванне большасці насельніцтва — сялян — звялося пераважна да расліннай ежы, у першую чаргу хлеба, іншых мучных страваў і кашаў.

Выява з выдання “Rosarium et officium Beatae Mariae Virginis”, Аляксандр Тарасевіч, 1672 г.

Пры канцы XVIІ ст. на магнацкіх сталах Рэчы Паспалітай у якасці экзатычнага прысмаку з’яўляецца бульба. У 1682 годзе ўбачыла свет кніга Станіслава Чарнецкага, кухмістра кракаўскага ваяводы, “Compendium ferculorum albo zebranie potraw” (“Усё пра стравы, альбо збор страваў”), якая была вельмі папулярнай у XVIІІ ст. Менавіта ў гэтай кнізе згадваецца першая бульбяная страва для эліты краіны: бульба, печаная ў попеле, пакроеная на скрылікі і пасмажаная.

 “Compendium ferculorum albo zebranie potraw”, 1682 г.

Упершыню бульбу пачалі вырошчваць на нашых землях на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў 2-й траціне XVI ст., выключна ў каралеўскіх эканоміях. У 1780-я яна з’явілася ў вялікай колькасці на панскіх палетках на Суражчыне і ў Полацкім намесніцтве. Ад 1830-х бульба пачынае імкліва распаўсюджвацца ўжо як новая сельскагаспадарчая культура. У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 год адзначалася, што “картофель занимает первое место в числе возделываемых… овощей, способствует продовольствию народа, прокормлению скота и удобрению полей”. У 1841 годзе расійскі ўрад нават выдаў спецыяльнае распараджэнне “О мерах к распространению разведения картофеля”. З гэтага часу бульба і робіцца “другім хлебам”.

Такая выключная арыентацыя гаспадаркі на земляробства працягвалася да канца ХІХ ст., пакуль у 1880—1890-х не грымнуў сусветны аграрны крызіс. Цэны на збожжа значна знізіліся, і давялося шукаць новыя напрамкі развіцця сельскай гаспадаркі. Такімі новымі галінамі ў нас сталі жывёлагадоўля, у тым ліку малочная, ільнярства, бульбаводства.

У 1923 годзе Аркадзь Смоліч у сваёй працы “Геаграфія Беларусі” піша наступнае:

Гаспадарка нашая яшчэ вельмі слаба ўцягнута ў межы ўплываў сусветнага таваразамену і ў значнай меры ёсць натуральнаю, г.зн. абслужуе сваімі прадуктамі самаго гаспадара і яго сям’ю, і толькі ў малой меры прадае свае прадукты на старану.

З гэтых прычынаў найбольш сеюць у нас на полі — жыта, якое разам з бульбаю з’яўляецца галоўным спосабам пражыўлення жыхароў Беларусі. Да таго ж яно не вельмі пераборлівае на зямлю, наагул якраз адпавядае нашаму мернаму і вільготнаму клімату і добра ўдаецца навет на досіць бедных грунтох. Звычайна займае жыта трэцюю частку ворнага поля ў гаспадарцы — жытнюю змяну. Апрача жытняе змяны бываюць яшчэ звычайна ў кожнай гаспадарцы — яравая і папарная. У яравой змяне сеюць ярыну: авёс, ячмень, бульбу і г.д. у папарнай змяне зямлю падгатаўляюць на жыта. Цэлы год яна быццам адпачывае, яе некалькі разоў пераворуюць, скародзяць (барануюць) і ў канцы — сеюць на ёй жыта. Такім чынам, беларускі гаспадар, як бачым, не шкадуе працы і стратаў (год у год траціна зямлі гуляе, не прыносячы даходу) — толькі каб запэўніць сабе ўраджай жыта. <…>

У паўднёва-заходняй Беларусі ў жытняй змяне апрача жыта сеюць яшчэ пшаніцу-азімку. Любіць гэтая збажына ўжо лепшыя землі, дый наагул больш капрызная, чым жыта. За тое й сеюць яе ў нас наагул мала.

Прасторы культурных раслінаў у Беларусі і ў Нямеччыне (Прусіі)

На 1000 дзесяцін, занятых 4-ма найважнейшымі гатункамі збожжа, займалі дзесяцін

У Беларусі (1911)

У Прусіі (1913)

Пшаніца

36

117

Жыта

596

498

Ячмень

98

92

Авёс

270

293

 

Найбольшыя прасторы ворнае зямлі пасля жыта займаюць у Беларусі авёс, бульба і ячмень. Шмат яшчэ сеюць у нас грэчкі, лёну й гароху; сеюць таксама — пшаніцу-ярыцу, каноплі, проса дый інш. расліны. <…>

Усяго збожжа, якое йдзе на пражыўленне людзям (апрача аўса і бульбы), намалочуюць у Беларусі каля 180 міліёнаў пудоў, у гэтым ліку каля 140 міліёнаў пуд. жыта”.

Сёння, разам з ільном і журавінамі, жыта застаецца тым сельскагаспадарчым прадуктам, які вылучае нашу краіну ў свеце. Па памерах яго вытворчасці мы займаем 5-е месца пасля Польшчы, Германіі, Расіі і Кітая (паводле FAO, 2010 год).

 

Кола года земляроба здаўна круцілася вакол жыта, ад якога залежаў дабрабыт сям’і. Гэта была цяжкая праца, пра што казалі так: “Дзе араты плача, там жняя скача”.

Вядомая валачобная песня падрабязна апісвае традыцыйны каляндар.

Святы Юр’я, божы пасол,

Да Бога пайшоў,

А ўзяў ключы залатыя,

Адамкнуў зямлю сырусенькую,

Пусціў расу цяплюсенькую

На белы свет і на ўвесь свет.

<…>

Святы Мікола па межах ходзіць.

Па межах ходзіць, жыта родзіць,

Урасціўся, умачыўся,

Пад залаты пояс падаткнуўся.

Святы Ушэснік жыта выплываець.

<…>

Святы Дзявятнік жыта раўнуець,

Святая Дзесятуха жыта красуець,

 <…>

Святы Пётра жыта спеліць

<…>

Святы Кузьма сярпы робіць

Залатыя, новыя і сталёвыя.

Святы Ілля слаўная жняя,

Святы Барыс снапы зносіць,

Cвятыя Ганны дамоў возяць,

Святы Спас жыта пасвянцаець,

Святая Прачыстая папары мяшаець

І жыта засяваець,

А другая ёй памагаець.

Жыта — пераважна азімая культура. Узімку, пакуль зерне спала ў зямлі, калядоўшчыкі спявалі:

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам,

Дзе каза нагой,

Там жыта капой,

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом.

Увесну рунь імкнуліся абараніць ад русалак. На Русальным тыдні яны выходзілі з азёраў і рэк, гулялі па жытнёвых нівах і лясах, прываблівалі і казыталі хлопцаў. Каб іх утаймаваць, ладзілі абрад провады русалкі:

Правяду русалку, правяду

Да й асінкаю заламлю,

Каб тая русалка па жыце не хадзіла,

Майго жыта не ламіла.

Маё жыцейка дробнае,

Да ў каласку буйнае.

Улетку ў Купалы прасілі аховы: не ісці ў сяло, а начаваць у жыце:

Каб туды змяя не залятала, 

Ў жыцечку спору не выбірала.

Каб жыта было

Густа, ядраніста, ядраніста, каласіста.

Ядро — з вядро, колас — з бярно,

А жыцінка як бабінка.

Саломінка як трасцічынка.

Жніву папярэднічалі зажынкі: жнейкі ішлі ў поле, зразалі па каласку і звязвалі ў зажынкавы сноп — “дзед”. Яго неслі з песнямі гаспадару нівы:

Снапок красны

Як месячык ясны,

Яшчэ высшы ад плота,

Яшчэ дарожшы ад злота,

Яшчэ высшы ад гары,

Ясней ад зары.

У гэты час саспелае жыта нібы гаворыць, што не можа “у полі стаяці, каласоў дзяржаці”:

Толькі ж я магу                                                                                                               

А ў полі снапамі,

А ў гумне стагамі,

У закрамах зярнамі.

Па заканчэнні жніва ладзілі дажынкі. У кутку зжатага поля жнейкі пакідалі недажаты кусцік жыта, у сярэдзіну якога клалі лусту хлеба з соллю. З гэтых каласкоў “завівалі бараду” — яе называлі “раёвай” ці “спарышовай”, — каб захаваць урадлівую сілу зямлі. У іншых рэгіёнах вязалі апошні вялікі сноп пад назвай “баба”, аздаблялі кветкамі, стужкамі і неслі ў хату, дзе ён займаў пачэснае месца на покуці:

Прыспары мне, спарыш, і ў доме, і ў полі,

І ў гумне, і ў двары, і ў клеці, і ў печы,

І ў клеці карабом, і ў печы пірагом.

 

Алесь Прышывалка, https://www.facebook.com/ZORNY.by, кіраўнік праекту.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 08.05.2018 09:00:07