:: calculation
2014
Загаловак text
Тураўскі карагод на Юр’е у в. Пагост Жыткавіцкага раёнa, 6 мая 2014 г.
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
08.05.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

Гомельшчына – запаведны край традыцыйнай народнай культуры. Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці менавіта такое месца. Яна цесна звязана са старадаўнім Туравам сваёй гісторыяй, мінулай і сучаснай культурай. Вось ужо на працягу многіх стагоддзяў гэты населены пункт з’яўляўся і зараз з’яўляецца цэнтрам актыўнага бытавання народных святаў. Трымаюць свой векавечны культурны “парадак” жыхаркі гэтай вёскі, сярод якіх і ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” Погосцкага сельскага клуба.

Поўны тэкст text

Тураўскі карагод на Юр’е у в. Пагост Жыткавіцкага раёнa, 6 мая 2014 г.

Гомельшчына – запаведны край традыцыйнай народнай культуры. Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці менавіта такое месца. Яна цесна звязана са старадаўнім Туравам сваёй гісторыяй, мінулай і сучаснай культурай. Вось ужо на працягу многіх стагоддзяў гэты населены пункт з’яўляўся і зараз з’яўляецца цэнтрам актыўнага бытавання народных святаў. Трымаюць свой векавечны культурны “парадак” жыхаркі гэтай вёскі, сярод якіх і ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” Погосцкага сельскага клуба. Гэты гурт быў створаны ў 1982 годзе па ініцыятыве былой загадчыцы клуба Кацярыны Панчэня. Усе жанчыны – Марыя Лунцэвіч, Аляксандра Зохна, Галіна Літвінка, Алена Кулік, Юлія Панчэня, Надзея Астаповіч, Зося Кузьміч, Наталля Марозава – выдатныя знаўцы мясцовага фальклору, распарадчыцы каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў і абрадаў, сярод якіх і “Тураўскі карагод”. Разам са старэйшымі актыўны ўдзел у свяце прымае моладзь – Зміцер Марозаў, які нёс абрадавы хлеб – карагод, Таццяна Кужэльная, Карына Пігун і дзеці – Настасся Панчэня, Мар’яна Пяшэвіч, Ілля Кулыба, які выконваў у абрадзе сваю важную ролю – нёс граблі з прычэпленым на ніх фартухом. Як заўжды ўдзельнічаў у свяце старшыня Азяранскага сельсавета Міхаіл Аліфіравец, які нёс абраз. 


Веснавое народнае свята Юр’е вось ужо на працягу многіх стагоддзяў штогод праходзіць 6 мая ў Пагосце. Зараз трымае спрадвечную традыцыю фальклорна-этнаграфічны калектыў “Міжрэчча”. У старажытнасці на Юр’е на Тураўшчыне вадзілі быка, ролю якого цяпер выконвае пышны хлеб, які як і сам абрад называецца “карагод”. Жанчыны яго пякуць з раніцы і ўпрыгожваюць трыма галінкамі пладовага дрэва. На кожнай павінна быць тры парасткі з кветкамі – усяго дзевяць. Столькі месяцаў працягваецца цяжарнасць жанчыны. Гэтым абрадам ушаноўваецца ўрадлівасць зямлі. Граблі перавязваюцца зялёным фартухом, што сімвалізуе цнатлівасць дзяўчыны, а граблі – працу. 


Шэсце з абразом Прысвятой Багародзіцы, караваем і граблямі з фартухом выходзіць з хаты і праходзіць праз сімвалічныя “вароты”, створаныя з рушнікоў і з прытанцоўкамі і прыпеўкамі накіроўваецца да Панскага поля за сяло, каб “праславіць Юр’е” і папрасіць у Бога благаслаўлення “на буйнае жыта, на цёплае лета”. Падыходзячы да поля, пагашчанцы сціхаюць і прыпыняюцца з краю поля. Потым праз “вароты з рушнікоў” праходзяць у жытняе поле, дзе адбываецца самы ўрачысты момант галоўнага карагода, які пачынаецца з абрадавай песні “Ой, прыйшлі на поле, дай папросім Бога адмукнуць зямліцу…”. Жанчыны становяцца колам і пачынаюць па колу сонца вадзіць карагод, пры гэтым яны спяваюць “Дай урай, маці, ключы…”. У цэнтры карагода знаходзяцца тыя, хто трымае абрадавую атрыбутыку: абраз, каравай і граблі з зялёным фартухом. Яны таксама рухаюцца па колу сонца і тры разы падымаюць уверх каравай. Далей удзельнікі абраду здымаюць зялёны фартух з граблей і чапляюць ужо чырвоны, што азначае, што дзеўка ўжо гатова да дзетанараджэння, як і сама зямля да будучага ураджаю. Пасля гэтага народны карагод ідзе гуляць па вёсцы, спыняючыся ля кожнай хаты, звяртаецца за дазволам да гаспадароў вадзіць карагод, якія радуюцца, што да іх завіталі ў госці. Па заканчэнні карагоднай песні ўдзельнікі карагода жадаюць гаспадарам добрага здароўя, багатага ўраджаю, прыбытку ў хляве. Тыя дзякуюць і выносяць ім “падзяку” – хлеб, яйкі, грошы і гарэлку. У пераходах ад адной хаты да другой жыхары вёскі, удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” спяваюць прыпеўкі пад гармонік, скачуць. 


З’яўляючыся жывой формай аднаго з аўтэнтычных абрадаў веснавога цыкла і адметнай характэрнай для палескага рэгіёну традыцыяй, абрад мае ў сваім складзе выдатныя ўзоры старажытных карагодаў і песень, а таксама такіх матэрыяльных праяў рэгіянальнай культуры, як народны касцюм і абрадавых хлеб (каравай). Таму, невыпадкова, што старажытны абрад “Тураўскі карагод” першы ў Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. 



Людміла Мельнікава


Фотаздымкі з "Тураўскага карагоду" 2014 г. тут

Аўтар фотаздымкаў - Ірына Глушэц

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.05.2018 14:34:47