:: calculation
2014
Загаловак text
Вяселле па-старыннаму
Дата публікацыі date
10.09.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

Першае на Любаншчыне за апошнія гады, амаль цалкам традыцыйнае вяселле, адбылося ў Настассі і Васіля.

Поўны тэкст text

Вяселле па-старыннаму

Вяселле. З якім хваляваннем яго чакае кожная нявеста! Як кожная марыць быць самай прыгожай! А вось тут пачынаюцца варыянты, бо эталон прыгажосці ў кожнага свой. Прыхільнікі этнаруху лічаць найпрыгажэйшай традыцыйную народную вопратку і таму яе абіраюць для свайго вяселля.

Першае на Любаншчыне за апошнія гады, амаль цалкам традыцыйнае вяселле, адбылося ў Настассі і Васіля. Незвычайным для сучаснікаў было амаль усё. Доўга да падзеі рыхтавалася маладая. Сваімі рукамі, па старажытных узорах і тэхналогіях, пашыла і вышыла фартушок, ручнікі, якіх на вяселле патрэбна аж 12, кашулі для сябе і маладога. Пад чулым кіраўніцтвам майстрыхі-ткачыхі ўсё лета ткала спецыяльную вясельную посцілку, дарэчы, па ўзоры вырабу сваёй бабулі. Як прыгожа красавалася посцілка з ільвамі, галубамі, букетамі сярод ручнікоў, кветак, стужак за плячыма малдадых! Завяршала застольную кампазіцыю сапраўдная дуга, упрыгожаная па любанскім звычаі. Вясельная зала зіхцета жывымі і самаробнымі кветкамі, асабліва прыгожа выглядалі вялікія старажытныя хусткі ў якасці аздобы.

У вяночку з барвінкам, у саматканым андараку – маладая, а жаніх – у вышыванцы, падпярэзанай поясам. Маладыя селі ў шыкоўныя аўто, каб ехаць на роспіс, і рушылі не да ЗАГСу, а да жывапіснага бярозавага гаю. Спецыяльна для гэтай пары была зроблена рэканструкцыя старажытнага беларускага абраду злучэння маладых і аб'яднана з дзяржаўнай рэгістрацыяй шлюбу. Сыйшліся дарожкі з ручнікоў, аб’ядналіся іконы з вянчальнай пары, завязаліся на бярозкі ахвярныя ручнічкі, паляцела на гасцей збожжа з рук маладой … Завяршылася цырымонія лявоніхай пад дуду, старажытны беларускі музычны інструмент.

Разам са сведкамі, па-любанскау шаферамі, селі маладзёны у конную карэту і паехалі праз родную вёску, а тут ужо па традыцыі дарогу перагароджвалі – сустракалі, віншавалі. У сваім двары кінулі ў калодзеж замок, які замкнулі падчас роспісу.

Вясельны стол ламаўся ад прысмакаў, сярод якіх былі традыцыйныя беларускія стравы, і гэта – не толькі дранікі. Нялёгка было сучасным паварам згатаваць верашчаку, кілбасы з півам, алкагольны абрадавы крупнік, абавязковы вясельны кісель … Незвычайным на вяселлі быў і тамада (па-беларуску маршалак), гучалі тосты і віншаванні, ды з гумарам. Пад абрадавыя спевы здымала свякруха вянок і завіла нявесце намітку замест звыклай хусткі. Караваі былі ўпрыгожаныя ў традыцыях родных мясцін маладых. Зычэнні на беларускай мове імкнуліся прамаўляць нават госці з Масквы. Былі танцы традыцыйныя і сучасныя, было вяселле і задор, быў мёд і піва, было вяселле ўсім на дзіва, маладым на радасць. Няхай будзе доўгае і шчаслівае жыццё!

Віншуем Насту і Васіля!

 Сяргей Выскварка

Фота Максіма Анісімава

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.03.2018 23:33:24