:: calculation
2013
Загаловак text
У Клічаўскім раёне прайшоў абрад пераносу свячы
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
23.12.2013
Катэгорыя category
навіны
Анатацыя text

19 снежня, у дзень святога Міколы, у шматлікіх вёсках Беларусі праходзяць абрады пераносу свячы.

Поўны тэкст text

У Клічаўскім раёне прайшоў абрад пераносу свячы

19 снежня, у дзень святога Міколы, у шматлікіх вёсках Беларусі праходзяць абрады пераносу свячы.

Мікольская свяча – гэта комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца са свечкі ці некалькіх свечак (самаробных ці царкоўных), абраза святога Міколы (часам з адкіднымі абразамі Юр’я і/ці Варвары) і ручніка, якім пакрыты абраз. Свяча стаіць год у адной хаце і налета ўрачыста пераносіцца ў іншую.

Абрады пераносу свячы найбольш характэрныя для ўсходняй Беларусі, прыкладнай мяжой іх шырокага распаўсюджання можна назваць раку Бярэзіну. Але і на захад ад Бярэзіны такія абрады спарадычна сустракаюцца.

Сёлета аматары традыцыйнай культуры з Мінска і Клічава ўзялі ўдзел у абрадзе пераносу Мікольскай свячы ў Клічаўскім раёне.

Даўней падрыхтоўка да свята Міколы Зімовага, ці, як яго яшчэ завуць, Вялікага, пачыналася за дзень, 18 снежня. У вёсцы магло “хадзіць” некалькі свеч, прымеркаваных да аднаго свята ці да розных. Штогод свечкі дасуквалі. Воск куплялі ў складчыну ў пчаляроў. Часамі сукалі вельмі тоўстую свечку, каля 10 сантыметраў у дыяметры.

Супольнасць тых, хто хадзіў “у Міколу”, была досыць устойлівай, збіраліся звычайна адным і тым жа колам, да тых, хто пераносіў другую свячу, не хадзілі.

Увечары 18 снежня гаспадары хаты, дзе ўвесь год захоўвалася свяча, хадзілі па вёсцы і клікалі на заўтра гасцей. Цяпер запрашэнне гасцей адбываецца па тэлефоне, у Клічаў і Мінск пешкі не сходзіш.

У Клічаўскім раёне яшчэ можна заспець рэшткі старажытных грамадскіх абрадаў беларусаў, напрыклад, забіваючы кабанчыка, запрашаюць родных і суседзяў пачаставацца свежыной.

У свядомасці жыхароў засталося ўяўленне аб тым, што застолле на Міколу трэба ладзіць у складчыну. Раней суседзі ішлі ў Міколу са сваёй ежай, бо самім гаспадарам зладзіць аграмадны стол было цяжка, калектыўнае спажыванне ежы ўспрымалася як своеасаблівая ахвяра святому Міколу. Сёлета баба Соня, якая жыве на дальнім канцы вёскі і не можа пешкі прыйсці ў Міколу, даведаўшыся, што яе завязуць на машыне, бядуе толькі пра тое, што загадзя не нагатавала пачастункаў на мікольскі стол, выцягвае з лядоўні хоць місачку вараных грыбоў.

З пачастункамі прыязджаюць госці з Мінска і Клічава.

Перад абразом святога Міколы запальваюць свечкі, моляцца. Міколу ахвяруюць грошы, якія потым перадаюцца на царкву. Раней ахвяравалі святому Міколу жменьку жыта ці пасму няпрадзенага льну (жанчыны). Прадаўшы гэтыя ахвяраванні, гаспадары на наступны год куплялі воск ці царкоўныя свечкі.

Прывозяць бабу Любу, галоўную захавальніцу мікольскіх песень. Адметнасць Клічаўскага раёна ў тым, што на Міколу спяваюць не псалмы, як у шмат якіх іншых мясцінах, а бяседныя песні, прымеркаваныя да гэтага дня. Сюжэты песень – пра складанасці сямейнага жыцця, родавых адносін: разлад жонкі з мужам, як заможны брат не хацеў частаваць бедную сястру, як свякроў не паладзіла з нявесткай і пайшла з дому прэч.

Падчас абеду свечкі перад Міколам не гараць, іх тушаць хлебам. Пасля абеду адбываецца ўласна перанос свячы.

Даўней, паабедаўшы, госці разыходзіліся па хатах і чакалі родных з іншых вёсак на кірмаш, “у піва”. Кірмашаванне – гэта сістэма святаў, на якія родныя з розных вёсак штогод ездзілі адно да аднаго ў госці. Увечары ў хату, дзе стаяла Мікольская свяча, збіралася моладзь, незамужнія дзяўчаты і нежанатыя хлапцы, дзеці тых пар, што хадзілі ў Міколу ў абед. Моладзь гуляла крыху, потым два хлапцы выносілі абраз, яшчэ адзін нёс сявеньку з жытам і свечкамі. Гаспадыня хаты ішла з хлебам, дзяўчаты спявалі:

Усердзіўся Святы Мікола
На старасту на старога
Не ўмеў мяне шанаваці,
У жыцечку год дзержаці,
Ярай пшонкай абсыпаці

Цяпер у вёсцы няма столькі моладзі, каб зладзіць асобнае гулянне. Таму Мікольскую свячу пераносяць адразу пасля абеду, але па-ранейшаму толькі мужчыны.

Гаспадыня хаты, куды пераносяць свячу, чакае на ганку, трымаючы бохан хлеба. Сустрэўшыся, гаспадыні імкнуцца падняць кожная свой бохан як мага вышэй, паказваючы такім чынам, што ў яе хаце Міколу шануюць лепш.

Свячу заносяць у новую хату і ставяць на покуці.

Святкаванне Міколы завяршаецца застоллем у новай хаце. Даўней моладзь, перанёсшы свячу, гуляла ледзь не ўсю ноч. Шмат пілі, здараліся бойкі. Хутчэй за ўсё, такія дзеянні былі не проста праявай “дзікага нораву” маладых людзей, але мелі рытуальны характар. У народных паданнях пра святога Міколу ён выступае як былы п’яніца, які потым стаў “божым чалавекам”. Яшчэ казалі: “Мікола ходзіць з колам”, тлумачачы шматлікія бойкі ў гэты дзень.

Кажуць: “Два Міколы, адзін халодны, другі галодны”, маючы на ўвазе тое, што акрамя свята зімовага Міколы 22 траўня святкуюць Міколу веснавога. Свячу не пераносяць, але збіраюцца ў хаце, дзе яна стаіць, ладзяць застолле. Існуюць спецыяльныя бяседныя песні для гэтага дня, як і на зімовага Міколу, пераважна сямейна-побытавыя.

Падавалася б, нашто сёння, у ХХІ стагоддзі, гарадской моладзі далучацца да святкаванняў у глухіх вёсках? Традыцыйныя абрады, што захаваліся ў Беларусі, асабліва каляндарныя, амаль зніклі з жывога бытавання ў суседніх краінах. Нездарма Беларусь завуць анклавам архаікі ў цэнтры Еўропы. Ва ўмовах урбанізацыі і глабалізацыі моладзь хоча адчуць повязь са сваімі каранямі, адметнасць сярод іншых народаў. Адсюль усё большае разрастанне ў апошнія гады фальклорнага руху: маладыя людзі вывучаюць традыцыйныя спевы, танцы, імкнуцца аднавіць традыцыйныя абрады ў гарадскім асяродку і па магчымасці далучыцца да святаў у месцы іх бытавання.

Што да культу святога Міколы, то, на думку даследчыка Барыса Успенскага, ён увабраў шматлікія рысы дахрысціянскага культу Вялеса: “Обращает на себя внимание то обстоятельство, что географическое распределение (преимущественного) культа Волоса и (преимущественного) культа Перуна на восточнославянской территории соответствует в общем распространению культа Николы и культа св. Георгия. Действительно, данные о культе Волоса относятся главным образом к северу этой территории; и точно так же культ Николы характерен по преимуществу для северных областей, тогда как на юге (в том числе и на Украине) культу Николы соответствует в общем культ св. Георгия.” (Борис Успенский. Филологические разыскания в области славянских древностей. (Реликты язычества в восточнославянском культе Николая Мирликийского).

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.01.2018 01:25:32