:: calculation
2013
Загаловак text
Бездзежскі вяртэп
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
25.01.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Анатацыя text

На Беларусі было распаўсюджана шмат разнавіднасцей батлейкі.

Сёння адзіная арыгінальная батлейка па прынцыпе ценявога тэатра — хатка-скрыня, якая мае мясцовую назву “вяртэп”, — захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Яна была набыта ў Аляксандра Кукса ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці пад час экспедыцыі ў ліпені 1985 г.

Поўны тэкст text

Бездзежскі вяртэп

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Батлейка — па прынцыпе ценявога тэатраНа Беларусь батлейка прыйшла з Цэнтральнай Еўропы ў ХVІ ст., дзе ў часы Сярэднявечча існавала традыцыя выстаўляць у касцёле пад час Ражджаства нерухомыя фiгуркі Хрыста, Марыi, Iосiфа, пастухоў, авечак, быкоў. Лічыцца, што гэтую традыцыю прынеслі на славянскія землі з Iталii манахi-францысканцы.

Як яе з’яўленне, так і самі спектаклі-прадстаўленні ў беларускай батлейцы бяруць свой пачатак у Сярэднявеччы. Яны паходзяць ад усходнееўрапейскіх містэрый і школьнай драмы. Паступова, недзе ў XVII — пачатку XVIII стст., пачынаецца так званае “абміршчэнне” рэпертуару батлейкі, які актыўна папаўняецца народна-камедыйнымі, свецкімі па сваім характары сцэнамі з дыялогамі, песнямі, танцамі. Сам жа народны лялечны тэатр паступова пераходзіць ад святароў і шкаляроў у рукі мяшчан і сялян, і ў ХIХ — пачатку ХХ ст. ён стаў неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў. У гэты час на Міншчыне, Магілёўшчыне і Віцебшчыне этнографамі Еўдакімам Раманавым і Пятром Шэйнам былі запісаны самыя багатыя зборы тэкстаў батлеечных прадстаўленняў.

На Беларусі было распаўсюджана шмат разнавіднасцей батлейкі. Самай папулярнай была двух’ярусная скрыня з рухомымі шпянёвымі лялькамі. Прыкладамі такога тыпу батлеек, якія захаваліся да нашых дзён, з’яўляюцца так званы “Ельнінскі вяртэп” канца XVIII — пачатку XIX стст., які знаходзіцца ў Дзяржаўным цэнтральным тэатральным музеі імя А. Бахрушына ў Маскве, і “Магілёўская батлейка” сярэдзіны ХІХ ст. (цяпер — у Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу).

Існавала таксама трох’ярусная батлейка, якая бытавала ў Магілёве і была апісана ў пачатку ХХ ст. Раманавым. У зборах Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусi захоўваецца аднаярусная батлейка пачатку ХХ ст., якую набылі ў 1962 г. у час фальклорна-тэатразнаўчай экспедыцыі ў вёску Бялевічы Слуцкага раёна.

Усе названыя скрыні батлеек, нягледзячы на розную колькасць ярусаў, мелі падобную канструкцыю: у падлозе скрыні рабіліся разрэзы для шпянёвых (пасаджаных на стрыжань) лялек, якія прадстаўлялі спектакль “Цар Ірад”. У двух’ярусных верхні ярус, а ў трох’ярусных — сярэдні ўяўлялі пячору, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, ніжні прадстаўляў сабой палац цара Ірада.

Прынцыпова адметным тыпам народнага лялечнага тэатра з’яўлялася батлейка, зробленая па прынцыпе ценявога тэатра. Калі батлейшчык запальваў свечку і паварочваў абручы, то на пярэдніх сценках скрыні атрымліваліся павялічаныя цені. Батлейка па згаданым прынцыпе ценявога тэатра, якая атрымала найбольшае пашырэнне на Віцебшчыне ў ХVII — ХIХ стст., называлася «жлоб».

Апiсанне яшчэ аднаго віду батлейкi — "зоркi", можна знайсці ў запiсах Ю.Крачкоўскага «Быт западнорусского селянина»: яна ўяўляла з сябе зорку, якую з песнямi насiлi калядоўшчыкi. Унутры батлейкі знаходзілася рухомае кола, па акружнасцi якога наклейвалi выразаных з паперы салдацiкаў на конях цi пехацінцаў. У сярэдзіну зоркi ўстаўлялі запаленую свечку. Калі ў памяшканні не было святла, а кола з фiгуркамi пачынала рухацца, на экране зоркі скакалі цені ад папяровых герояў.

Сёння адзіная арыгінальная батлейка па прынцыпе ценявога тэатра — хатка-скрыня, якая мае мясцовую назву “вяртэп”, — захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Яна была набыта ў Аляксандра Кукса ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці пад час экспедыцыі ў ліпені 1985 г.

Хатка-скрыня была выраблена сялянамі вёскі Бездзеж з фанеры ў выглядзе хаткі са стрэшкай. Адна з доўгіх сценак — з выразаным праёмам, абцягнутым поліэтыленавай плёнкай. У супрацьлеглай сцяне — маленькія рухомыя дзверы. Бакавыя сценкі з імітаванымі вакенцамі, праёмы якіх зацягнуты матавай паперай. У сярэдзіне хаткі, паралельна імітаванай падлозе, размешчана рухомае кола. Па акружнасці да яго прымацаваны плоскія, выразаныя з фанеры выявы пеўня, сабакі, каровы, каня, зайца, аленя і конніка (на жаль, некаторыя фігуркі страчаны). У цэнтры знаходзіцца падстаўка для свечкі. Вонкі выведзены драцяны рычаг, які прыводзіць у рух кола. Хатка пафарбавана ў чорны колер, на страху наклеены месяц і зоркі з паперы пад срэбра, сцены і схілы страхі аздоблены махрамі з рознакаляровай паперы, на вільчыку прымацаваны драўляны крыж, пафарбаваны ў бронзавы колер. Уздоўж прадольных сцен былі прымацаваны жэрдкі для трымання (страчаны).

Згаданая батлейка, аўтэнтычных аналагаў якой больш няма на Беларусі, бытавала ў вёсцы Бездзеж у канцы 1970-х — пачатку 1980-х. Скрыню ў час святкавання Каляд насілі дзеці. Пры ўваходзе ў хату некалькі чалавек трымалі скрыню за жэрдкі, адзін круціў металічны дрот, прыводзячы ў дзеянне кола з фігуркамі. Акрамя таго, дзеці спявалі калядныя песні, якія суправаджаліся музыкай: гралі на скрыпцы або гармоніку.

Нягледзячы на тое, што Бездзежскі вяртэп бытаваў у 2-й палове ХХ ст., ён мае шматлікія рысы батлейкі ХІХ — пачатку ХХ ст.

Наталля ГЕРМАЦКАЯ, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту

На здымку: бездзежскі вяртэп з калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.01.2018 01:12:52